Украінскі генерал назваў дату заканчэння «гарачай» фазы вайны
- 5.08.2022, 14:46
Расейцаў заганяюць у бой «палкамі».
Да канца гэтага года гарачая фаза вайны павінна скончыцца. Тэрміны вызвалення акупаваных тэрыторый залежаць ад паставак узбраення партнёрамі. Аб гэтым генерал-маёр Дзмітрый Марчанка сказаў у інтэрв'ю журналісту Тарасу Беразаўцу.
«Яны (расейцы. – рэд.) хочуць наступаць на Мікалаеў. Але я хачу ўсіх супакоіць: не трэба іх баяцца, ім страшней за нас, яны таксама баяцца. Трэба супраціўляцца. Будзем біць, будзем іх выганяць, гэта наша зямля. Мы нікога не баімся і нікога не будзем сюды пускаць», - адзначыў Марчанка.
З ягоных слоў, расейцаў «загналі палкамі» на вайну ва Украіну. Таму ён звярнуўся да акупантаў: «Калі вы хочаце здавацца - здавайцеся, будзеце жыць».
«Доўга яна (гарачая фаза вайны. – рэд.) не працягнецца. Ні яны не пацягнуць доўга, ні мы. Я думаю, што менавіта гарачая фаза скончыцца да канца года адназначна», - дадаў генерал.
На пытанне аб тым, ці зможа Украіна да восені дасягнуць вызвалення акупаваных тэрыторый Херсонскай вобласці, генерал адказаў, што гэта залежыць ад паставак узбраення.
«Гэта залежыць, самае галоўнае, ці дадуць нам тое ўзбраенне, якое абяцалі нашы партнёры. Калі мы будзем ведаць, колькі нам дадуць, тады можна рабіць нейкія прагнозы. Але мы будзем біцца з ім ці без яго. Калі трэба, мы будзем віламі іх выганяць», - сказаў ён.