Брат рэйкавага партызана: Дзяніс хацеў дапамагчы Украіне
- 5.08.2022, 14:30
Беларускім патрыётам пагражаюць расстрэлам.
Меркавана, ужо ў жніўні пачнецца суд паводле рэзананснай справы светлагорскіх «рэйкавых партызан». Нагадаем, гаворка ідзе пра групу са Светлагорску, у якую ўваходзілі Дзяніс Дзікун, Дзмітрыя Равіч і Алега Малчанаў, прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Ужо ў першыя дні вайны, практычна адразу пасля пачатку ўварвання РФ ва Украіну, хлопцы пастанавілі перашкодзіць перамяшчэнню вайсковай тэхнікі.
Адразу ў некалькіх месцах краіны невядомыя пашкодзілі рэлейныя шафы - абсталяванне, якое аўтаматызуе рух цягнікоў. У выніку адбыліся збоі ў руху эшалонаў. Дыверсіі выклікалі рэзкую рэакцыю з боку ўлад. Нейкі час перагоны патрулявалі патрулі АМАПа і ўнутраных войскаў. Пачаліся масавыя затрыманні чыгуначнікаў, аднак дыверсіі гэта не спыніла. Сілавікі змаглі выйсці на след некалькіх «рэйкавых партызан» — праваабаронцам вядома пра больш за дзесяць такіх абвінавачаных. У адну з раскрытых груп уваходзілі тры жыхары Светлагорска.
Як нядаўна паведамляў Следчы камітэт, справа ўжо перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Мужчынам можа пагражаць максімальнае пакаранне аж да расстрэлу, заяўляла прэс-служба СК. І гэта ўсяго за адну падпаленую рэлейную шафу — дзеянне, якое не пацягнула ні ахвяр, ні аварый.
Усіх траіх будуць судзіць паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч.3 арт.361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), арт.289 (акт тэрарызму, учынены ў складзе арганізаванай групы, што пацягнуў цяжкія наступствы, якія ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў), ч.ч. 2,4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў злучэнняў, якое прывяло да цяжкіх наступстваў, а таксама стварыла пагрозу катастрофы, аварыі і гібелі людзей) і ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве).
«Флагшток» паразмаўляў з братам Дзяніса Дзікуна - Змітром, які праз пагрозу пераследу выехаў у Літву. З ягонай інфармацыі, стан усіх траіх палітвязняў здавальняючы:
«Ад пабояў ужо адышлі. Іх катавалі, моцна збівалі пасля затрымання, каб выбіць паказанні. Пра гэта можна меркаваць і з апублікаваных на праўладных каналах відэа. Хлопцы трымаюцца, але вядома перажываюць, як пройдзе суд. Яны ведаюць, што ім пагражаюць расстрэлам, хаця гэта абсалютна незаконна. Думаю, яны бачылі сюжэты на дзяржаўнай тэлевізіі, дзе гаварылася пра магчымы расстрэл».
Зміцер упэўнены, што яго брат наважыўся на актыўныя дзеянні праз тое, што хацеў дапамагчы Украіне:
«Яны пайшлі на гэта праз уварванне расейскіх войскаў менавіта праз Беларусь, з выкарыстаннем тэрыторыі нашай краіны. Яны хацелі хоць неяк прыпыніць, запаволіць гэтую агрэсію. Не важна, на колькі іх цяпер асудзяць. Галоўнае - каб засталіся жывыя, каб не на вышэйшую меру».
Дарэчы, Змітра таксама шукаюць на радзіме. Як расказалі яму знаёмыя, участковы прасіў перадаць хлопцу, каб той вярнуўся ў Беларусь. Для чаго - не цяжка здагадацца.
Цяпер Зміцер збірае дапамогу для аплаты паслуг адвакатаў і на дапамогу сем'ям палітвязняў - бо ў іх засталіся маленькія дзеці. А таксама для выплаты шкоды ў надзеі, што гэта паўплывае на пастанову суда. У СК ацанілі шкоду ад падпалу рэлейнай шафы прыкладна на 55 тысяч рублёў.
Пералічыць для гэтых мэт ахвяраванне можна на рахунак Змітра з рэквізітамі:
Dzmitry Dzikun
Счет: LT463500010013309933
SWIFT: EVIULT2VXXX
Названне банка: Paysera LT, UAB
Адрас банка: Pilaitės pr. 16, Vilnius,
LT-04352, Lithuania
Кантакт для сувязі: +37068404439