Уладальнік сеткі крамаў: У Крычаве пачаліся хваляванні праз недахоп хлеба
- 5.08.2022, 14:05
У горадзе сабралі тэрміновае паседжанне выканкама.
Уладальнік сеткі харчовых крамаў, сустаршыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Віктар Маргелаў расказаў onliner.by, што некаторыя сталічныя хлебазаводы ўжо не прымаюць ад крамаў хлеб назад.
«Аднак цалкам па ўсёй рэспубліцы ўводзіць забарону на вяртанне крамамі нерэалізаванай харчовай прадукцыі немэтазгодна. Гэта можа звузіць асартымент тавараў на паліцах крам і выклікаць сацыяльную незадаволенасць», - мяркуе Віктар Маргелаў.
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ў Крычаве.
«Там пару тыдняў таму было паседжанне выканкама і ўзнімалі праблему, што гандлёвыя арганізацыі падстрахоўваюцца і, каб знізіць магчымыя страты, сталі заказваць менш хлеба. У выніку ўвечары хлеб стала складана набыць, і гэта выклікала незадаволенасць людзей», - распавёў Віктар Маргелаў.
Паколькі хлеб - прадукцыя сацыяльна значная, прадстаўнікі выканкамаў звяртаюць увагу на тое, каб гэты прадукт харчавання быў заўсёды ў продажы, у тым ліку і ўвечары, паведаміў уладальнік харчовай сеткі.
«Калі мы зыходзім з таго, што хлеб у крамах павінен быць заўсёды: і раніцай, і ўдзень, і ўвечары - прычым у шырокім асартыменце, то трэба прызнаць, што рэшткі ў гэтым выпадку будуць заўсёды. І якімі яны будуць, прадказаць часам немагчыма», - падкрэслівае Віктар Маргелаў.
З ягоных слоў, нават варункі надвор'я ўплываюць на продажы хлеба.
«Адпаведна, калі рэшткі будуць заўжды, трэба прымаць дзяржаўную пастанову што да хлеба. Напрыклад, трэба дазволіць крамам прадаваць зніжанымі коштамі нерэалізаваны хлеб», - рэзюмаваў Віктар Маргелаў.