NYT: Якія праблемы войска РФ могуць дазволіць УСУ правесці эфектыўны контрнаступ
- 5.08.2022, 13:22
Для Украіны настаюць вызначальныя тыдні.
Вайна ва Украіне можа ўступіць у пераломную фазу, калі УСУ здолеюць скарыстацца цэлым шэрагам кадравых і тэхнічных праблем, якія назапасіліся ў войску РФ пасля пяці месяцаў вайны.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле The New York Times, які прыводзіць «Новое время».
«Ацэнкі амерыканскай выведкі і выведак заходніх краін сведчаць аб імвернасці таго, што наступныя тыдні ці месяцы будуць вызначальнымі для Украіны. Нават калі расейскія сілы не атрымаецца значна адціснуць, магутны контрнаступ можа ўмацаваць давер хаўруснікаў да Украіны», - падкрэслівае NYT.
Выданне называе дзве галоўныя прычыны, якія ўжо запавольваюць расейскія атакі і даюць УСУ больш шанцаў на поспех контрнаступальных аперацый - гэта «крытычныя праблемы з жывой сілай і тэхнікай» у акупацыйным войску.
І калі на пачатковым этапе вайны такія фактары вымусілі Расею звузіць свае мэты, адмовіцца ад штурму Кіева і засяродзіць наступ на ўсходзе, то цяпер «Расеі можа быць цяжэй перагледзець сваю стратэгію і аднавіць сілы, прынамсі, у кароткатэрміновай перспектыве», піша NYT.
Гэтыя ацэнкі адпавядаюць свежаму аналізу Інстытута вывучэння вайны, які ў сваёй зводцы за 4 жніўня дапусціў, што Украіне ўдалося перахапіць стратэгічную ініцыятыву ў вайне з Расеяй і гэта вымушае войска РФ пераразмяркоўваць сілы і мяняць прыярытэты ў адказ на контрнаступальныя аперацыі УСУ.
«Падрыхтоўка Украіны да контрнаступу ў Херсоне і пачатковыя аперацыі гэтага контрнаступу ў спалучэнні са значным паслабленнем расейскіх сіл агулам, відаць, упершыню дазваляюць Украіне пачаць актыўна фармаваць ход вайны», - падкрэсліваюць аналітыкі ISW.
Праблемы з наборам «добраахвотнікаў» і жывой сілай у войску РФ
Амерыканскія і еўрапейскія крыніцы New York Times нагадваюць: Уладзімір Пуцін так і не наважыўся абвясціць мабілізацыю, але мала каму ўдавалася заваяваць цэлую краіну і знішчыць войска ворага сіламі, якія ў значнай ступені я нерэгулярнымі «добраахвотніцкімі» войскамі.
Пры гэтым чыноўнікі NATO і іншыя прадстаўнікі Захаду мяркуюць, што цяпер гэтая праблема становіцца для войска РФ усё больш адчувальнай: рэаліі на палях баявых дзеянняў «павінны прымусіць расейскія войскі запаволіць аперацыі, каб падмацаваць знясіленыя падраздзяленні, лепш абараніць лініі забеспячэння і перакінуць новае абсталяванне». У той жа час крыніцы выдання дапускаюць, што Пуцін будзе ігнараваць парады сваіх афіцэраў і запатрабуе прадаўжаць наступ на ўсходзе Украіны цягам усяго лета.
Аднак кадравых праблем у войску РФ назапасілася занадта шмат.
На ацэнкі Пентагона, Расея ўжо накіравала ва Украіну амаль 85% свайго войска, прыцягваючы ў тым ліку войскі з Далёкага Усходу краіны і падраздзяленні, якія раней дыслакаваліся па ўсім свеце;
страты расейскага войска на першым этапе вайны велізарныя, кампенсаваць іх дагэтуль не атрымалася (нават самыя сціплыя адзнакі заходніх краін вагаюцца ў межах ад 15?000 да больш 20?000 забітых акупантаў, яшчэ тысячы параненыя ці зніклі без вестак – то бок, Расея ўжо страціла больш жаўнераў, чым СССР за дзясяцігоддзе вайны ў Афганістане);
РФ мае праблемы з наборам у войска рэзервістаў і навабранцаў (заходнія выведкі паказваюць на істотнае зніжэнне патрабаванняў да расейцаў, гатовых папоўніць шэрагі войскаў - у РФ скасавалі ўзроставы цэнз для падпісання першага кантракту, знізілі стандарты здароўя і фізічнай падрыхтоўкі для набору на службу, заплюшчваюць вочы на наяўнасць судзімасці);
крыніцы NYT заяўляюць аб беспаспяховасці спроб РФ кампенсаваць недахоп жывой сілы наймітамі з ПВК «Вагнера» - у справаздачах выведкі ЗША гаворыцца, што хоць яны могуць уплываць на ход асобных бітваў, агулам «вагнераўцаў» недастаткова, каб яны мелі стратэгічнае значэнне ў поўнамаштабнай вайне, якую вядзе Расея;
нават калі Расея наважыцца прыцягнуць да вайны больш рэзервістаў і прызыўнікоў, «Пуцін сутыкнецца з сур'ёзнай праблемай», мяркуюць прадстаўнікі заходніх выведак: многія расейскія афіцэры і інструктары, якія маглі б іх навучыць, ужо адпраўленыя на фронт (адна з крыніц NYT у выведцы параўнала такую памылковую пастанову ўладаў РФ з «праяданнем пасяўных зярнят»). «Расея адклала вясновы заклік на два месяцы - гэта можа сведчыць аб тым, што яна не здольная навучаць тых, хто гатовы служыць», - піша выданне.
Праблемы акупантаў з тэхнікай
Хоць праблемы з тэхнікай і абсталяваннем у войску РФ не такія вострыя, як дэфіцыт жывой сілы, яны «значныя», канстатуе NYT.
Вось галоўныя з іх:
войска РФ ужо змушанае замяняць новыя і сучасныя танкі на больш старыя мадэлі (паводле некаторых з адзнак заходніх выведак, Расея страціла ва Украіне да траціны сваіх танкаў);
нягледзячы на вялізныя запасы артылерыйскіх набояў, нават з імі ёсць праблемы: са слоў прадстаўніка заходняй выведкі, многія састарэлі і захоўваліся ў дрэнных умовах, што зніжае іх эфектыўнасць праз ненадзейнасць;
санкцыі ЗША і Еўропы эфектыўна ціснуць на расейскіх вытворцаў зброі, змушаючы іх запавольваць або нават прыпыняць вытворчасць сучасных кіраваных боепрыпасаў і іншай высокатэхналагічнай зброі;
дэфіцыт такіх боепрыпасаў змушае расейцаў скарачаць выбар цэляў - як піша NYT, гэта стала адной з прычын, з якой войска РФ цяпер абмежавала свае ўдары па рухомых калонах УСУ і замест гэтага засяродзіліся на стацыянарных цэлях, спрабуючы біць па украінскіх складах;
Расея стала выкарыстоўваць зенітна-ракетныя комплексы С-300 для нанясення ўдараў па наземных цэлях замест паветраных (напрыклад, у Мікалаеўскай вобласці - што ва Украіне ўважаюць за прыкмету недахопу ў расейцаў ракет, больш прыдатных для такіх нападаў);
новая ўкраінская тактыка з выкарыстаннем HIMARS і іншага заходняга абсталявання (удары па тылавых штабах і складах боепрыпасаў, паліва і т. д.), таксама эфектыўна скараціла колькасць набояў, даступных для расейскіх войскаў на перадавой.
Апошні факт яшчэ раз пацвердзіў у каментары NYT брыгадны генерал Крыстафер Кінг, старэйшы афіцэр брытанскага войска ў цэнтры размеркавання заходняй зброі для Украіны, які размешчаны ў нямецкім Штутгарце. З ягоных слоў, удары з HIMARS і іншых гармат дазволілі УСУ «знізіць магчымасці расейцаў да забеспячэння свайго войска – менавіта тое, дзеля чаго мы паставілі ім [УСУ] гэтую зброю».
Выклікі і шанец для УСУ
За пяць месяцаў вайны ўкраінскае войска таксама панесла страты ў артылерыі, танках і жывой сіле. Аднак, як нагадаў NYT неназваны высокапастаўлены ўкраінскі вайсковы чыноўнік, УСУ маюць значна большую колькасць афіцэраў са шматгадовым франтавым досведам, што сталася вызначальным фактарам на першым этапе вайны.
Цяпер найважнейшае значэння для Украіны будзе мець вынік наступных тыдняў ці месяцаў, піша выданне са спасылкай на ацэнкі заходніх выведак. Пры гэтым афіцыйны Кіеў усведамляе, што УСУ маюць вельмі абмежаваную колькасць часу, каб скарыстацца цяперашняй відавочнай слабасцю Расеі, паведамілі выданню брытанскія крыніцы пасля кантактаў з украінскімі чыноўнікамі.
NYT таксама прыводзіць меркаванне двух кангрэсмэнаў, якія нядаўна пабывалі ў Кіеве ў складзе дэлегацыі амерыканскіх заканадаўцаў. Абодва яны пацвердзілі, што Украіна сапраўды паспрабуе скарыстацца шанцам і рыхтуецца да контрнаступу.
«Расейцы знясіленыя, і наўрад ці варта было б даваць ім час для перагрупоўкі і адпачынку. Я разумею жаданне нанесці ўдар тады, калі яны стаміліся», - адзначыла чалец Палаты прадстаўнікоў ЗША, дэмакратка Эліса Слоткін.
А рэспубліканец Майкл Уолтц, былы вайсковец і цяпер чалец Палаты прадстаўнікоў, заклікаў ЗША адправіць ва Украіну больш рэактыўнай артылерыі і іншага сучаснага ўзбраення. «Зяленскі мяркуе, што для расейцаў цяпер наступіў «момант слабасці», бо яны перагрупоўваюць сілы, каб прадоўжыць свой разбуральны наступ яшчэ да пачатку зімы», — сказаў Уолтц.