У Брытаніі ўпершыню ў гісторыі перасохлі вытокі Тэмзы
- 5.08.2022, 12:05
Сіноптыкі папярэджваюць аб захаванні спякоты ў рэгіёне.
У Брытаніі ўпершыню за ўсю гісторыю перасохлі вытокі ракі Тэмзы. Прычынай таму стала анамальная спякота, якая шалее ў краінах Заходняй Еўропы.
Пра гэта паведамляе The Guardian.
Цяпер вусце Тэмзы знаходзіцца за восем кіламетраў ніжэй па цячэнні, і сіноптыкі папярэджваюць аб захаванні спякоты ў рэгіёне.
«Пасля працяглага засушлівага надвор'я выток Тэмзы ў Гластэршыры высах, а слабы струмень зараз ледзь прыкметны больш чым у пяці мілях уніз па цячэнні. Ва ўмовах зменлівага клімату мы можам чакаць, што частата і сур'ёзнасць такіх перыядаў засухі і недахопу вады будуць узмацняцца», - заявіў дырэктар палітыкі і навукі ў Rivers Trust Роб Колінз.
У метэаралагічным бюро Брытаніі папярэдзілі, што спякота і сухое надвор'е ў краіне захоўваюцца. Пры гэтым у многіх раёнах краіны, асабліва на поўдні, прагназуецца, што тэмпература будзе на некалькі градусаў вышэйшая за сярэднюю, але гэтыя значэнні будуць значна ніжэйшыя за рэкордныя тэмпературы сярэдзіны лета.
Нягледзячы на тое, што выток Тэмзы ссоўваецца, у Вялікабрытаніі не ўвялі абмежаванняў на выкарыстанне вады, напрыклад, для паліву. Замест гэтага ангельцаў просяць разважліва выкарыстоўваць ваду з-пад крана падчас ранішніх працэдур.
Нагадаем, гэтым летам заходняя і частка цэнтральнай Еўропы пакутуюць праз анамальную спякоту. Тэмпература паветра ў некаторых рэгіёнах б'е нябачаныя рэкорды. У Гішпаніі, Партугаліі і Грэцыі праз высокія тэмпературы гарэлі лясы.