Як у Беларусі напраўду падаражэлі прадукты харчавання
- 5.08.2022, 11:05
Журналісты «наведалі» онлайн-гіпермаркет і ацанілі рэальныя памеры інфляцыі.
Афіцыйна гадавая інфляцыя ў Беларусі ў чэрвені гэтага года склала 17,6%. Пры гэтым беларусы скардзяцца, што напраўду кошты выраслі значна мацней, чым сведчыць дзяржаўная статыстыка.
«Белсат» параўнаў кошты летась і сёлета ў онлан-гіпермаркеце і паглядзеў, на колькі за год сталі даражэйшымі прадукты харчавання.
Онлайн-гіпермаркет e-dostavka.by летась у якасці рэкламы на старонках паведамляў, што крама вяртае леташнія кошты і моцна будзе іх трымаць. У гэтым годзе такой рэкламы больш няма. Параўнанне прадуктаў харчавання ў пэўных катэгорыях сведчыць, што абяцанне ўтрымаць не ўдалося.
Для параўнання «Белсат» знайшоў кошты прадуктаў у гэтай краме ў пачатку жніўня мінулага года і сённяшнія, якія паказваюцца на старонцы зараз.
«Белсат» падлічыў, што свініна, а для параўнання мы прааналізавалі кошты лапаткі, стала даражэйшай на амаль 4 рублі, ці больш чым на 40%. Рыба (мінтай) за год стала даражэйшай на 2 рублі, ці амаль на 50%. Цана на яйкі вырасла за год амаль на 1 рубель, або на 59%.
Істотна сталі адрознівацца за год кошты смятаны, хлеба і масла. Гэта якраз прадукты, кошты якіх абяцала кантраляваць дзяржаву.
За апошні год алей падаражэў у беларускіх крамах на больш чым 1,5 рублі, ці на 63%. Цукар стаў даражэйшым на 83 капейкі, або на 48%. Сярод іншых сацыяльназначных тавараў, кошты якіх рэгулюе дзяржава, таксама бачым падаражанне. Так, кошты на муку выраслі на 31 капейку, або на 24%. Шакалад стаў даражэйшы на 70 капеек, або на 57%.
Адсюль можна зрабіць выснову, што сапраўды інфляцыйныя адчуванні грамадзян краіны перавышаюць агучаныя афіцыйна 17% росту коштаў. Беларусы скардзяцца, што заробку на месяц не стае. Да таго ж афіцыйна пры росце коштаў назіраецца падзенне заробкаў.