BE RU EN

Экспарт калійных угнаенняў з Беларусі за шэсць месяцаў упаў удвая

  • 5.08.2022, 10:10

Адгрузкі з Расеі ў першым паўгоддзі скараціліся прыкладна на 25%, а з Беларусі - на 50%.

Канадская кампанія Nutrien, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў мінеральных угнаенняў, у сваёй паўгадавой справаздачы ацаніла зніжэнне экспарту калійных угнаенняў з Беларусі і Расеі.

Паводле яе звестак, адгрузкі з Расеі ў першым паўгоддзі скараціліся прыкладна на 25%, а з Беларусі - на 50%. Пры гэтым большая частка беларускага экспарту ўгнаенняў прыпала на першы квартал гэтага года.

«Абмежаваныя пастаўкі калію з Расеі і Беларусі ўтрымлівалі кошты калію на гістарычна высокім узроўні на працягу першай паловы 2022 года. Паводле ацэнак, пастаўкі калію з Расеі і Беларусі ў першай палове 2022 года скараціліся прыкладна на 25 і 50 адсоткаў адпаведна», - гаворыцца ў справаздачы кампаніі.

Абмежаванне паставак з Беларусі і Расеі вымусіла кампанію звузіць дыяпазон прагнозу збыту калію ў 2022 годзе да 61-64 млн т. Нагадаем, з лета мінулага года Белстат не публікуе звесткі аб экспарце калійных угнаенняў з Беларусі.

Таксама ў справаздачы адзначаецца складаная сітуацыя на рынку азотных угнаенняў.

«Рэзкі рост коштаў прыроднага газу у Еўропе зноў прывёў да зніжэння аб'ёмаў вытворчасці азоту ў рэгіёне. Скарачэнне паставак аміяку ў Еўропу і значнае скарачэнне расейскага экспарту аміяку з Чорнага мора ціснуць на глабальную даступнасць аміяку. Мы чакаем высокага сезоннага попыту на азот у другой палове 2022 года пасля перыяду адкладзеных закупак з-за валацільнасці базавых коштаў», - адзначылі ў кампаніі.

Nutrien у другім квартале зафіксавала рост даходу па выніках другога квартала на 49% да 14,5 млрд даляраў. Яе чысты прыбытак вырас утрая да 3,6 млрд даляраў.

За паўгоддзе прырост даходу склаў 54 адсоткі. Ён павялічыўся да 22,16 млрд даляраў, а чысты прыбытак вырас у чатыры разы да амаль 5 млрд даляраў.

Кампанія за другі квартал паставіла на рынак 3,7 млн т калійных угнаенняў, што на 2% больш, чым летась. Пры гэтым яна на 20% скараціла адгрузкі ў Паўночную Амерыку і на 13% павялічыла - у астатнія рэгіёны свету.

Даход Nutrien ад продажу калійных угнаенняў павялічылася ў 3,3 разы да 2,668 млрд даляраў. Пры гэтым сярэдняя цана продажу угнаенняў склала 719 даляраў, што ў 3,2 раза больш, чым за аналагічны леташні перыяд.

За паўгоддзе кампанія паставіла на рынак 6,752 млн т угнаенняў, у тым ліку 4,6 млн т за межы Паўночнай Амерыкі. Даход ад калію павялічылася ў 3,16 раза да 4,5 млрд даляраў. Сярэдні кошт за паўгоддзе склаў 669 даляраў за тону, што ў 3,17 раза больш, чым год таму.

Апошнія навіны