Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі: Інфляцыя на 36,7% - рэальны сцэнар
- 5.08.2022, 12:04
Падзенне ВУП значна вышэйшае за тыя звесткі, якія паказвае афіцыйная статыстыка.
Raiffeisenbank апублікаваў прагноз інфляцыі ў Беларусі. Адзін са сцэнарыяў кажа, што ў 2023 годзе рост коштаў можа дасягнуць 36,7%. Ці спраўдзіцца гэты прагноз? Сайт Charter97.org задаў гэтае пытанне экс-кіраўніку Нацбанка Беларусі Станіславу Багданкевічу.
- Гэта цалкам рэальны сцэнар, бо ў гэтым годзе інфляцыя паводле афіцыйных звестак будзе блізу 20%, а ў рэальнасці нават вышэйшай. У наступным годзе наўрад ці нешта памяняецца, улічваючы рэальную сітуацыю ў эканоміцы і ізаляцыю Беларусі ад цывілізаванага свету. Прапанова тых якасных тавараў, якія ёсць на Захадзе, будзе ўсё меншай і меншай, улічваючы тыя санкцыі і эканамічную ізаляцыю, у якую трапіў рэжым Лукашэнкі.
Грашовая маса ёсць, а таварная маса змяншаецца. Гэта ўсё вядзе да падвышэння коштаў. Валютны курс стаіць, але гэта адбываецца праз тое, што няма попыту на валюту, няма магчымасці набываць высакаякасныя заходнія тавары. Ізаляцыя і санкцыі адбіваюцца. У гэтым годзе ўпаў грузаабарот, паводле афіцыйнай статыстыкі, упаў больш чым на 20%. Гэта значыць, што таварнай масы няма, вытворчасці няма. Таму напраўду падзенне ВУП значна вышэйшае за тыя звесткі, якія паказвае афіцыйная статыстыка.
- У чым галоўныя прычыны разгону інфляцыі?
- Сотні тысяч людзей з'ехалі з краіны, працаздольная частка насельніцтва значна зменшылася. Сыход прадстаўнікоў інфармацыйных тэхналогій таксама прыкметна паўплываў, многія праграмісты з'ехалі ў Грузію, Польшчу, Літву, іншыя краіны. Гэта ж павінна было адбіцца на эканоміцы. Праз змяншэнне колькасці працоўных ідзе змяншэнне ВУП, якасць і аб'ём паслуг, якія выконвае Беларусь. Грашовая маса не змяншаецца, крыху расце нават, а таварная маса скарачаецца. Гэта ўсё вядзе да паскарэння інфляцыі.
- Наколькі інфляцыя ў Беларусі прыводзіць да збяднення насельніцтва? Бо падвышэнні заробкаў і сацыяльных выплат ніяк не паспяваюць за падвышэннем коштаў.
- Тут ёсць прамая прагрэсія. Пенсія ў мяне як была, так і засталася, а кошты ўзляцелі на 20 з лішнім адсоткаў. Гэта значыць, што я збяднеў на 20 з лішнім адсоткаў. Улічваючы ўзровень заробкаў, пенсій і росту коштаў, людзі сталі атрымліваць значна менш. Намінальнае падвышэнне выплат не паспявае за ростам коштаў. Падзенне ўзроўню жыцця ў такой сітуацыі хай і не на 20%, а крыху ніжэйшае, але яно будзе. Яно ўжо ёсць.
Я васьмідзесяціпяцігадовы чалавек, мяркую з кошту лекаў. Кошты на іх узнятыя, яны паляцелі ўверх. Але не толькі на леках насельніцтва бяднее, а даслоўна на ўсім. Рыба, мяса і многія іншыя прадукты даражэюць. І кошты на іх растуць больш, чым у сярэднім інфляцыя. Гэта найперш закранае тую частку насельніцтва, якая большую частку свайго даходу выдаткоўвае на тавары першай неабходнасці, на прадукты харчавання і гэтак далей. Цяпер ідзе збядненьне насельніцтва.
Беларусы пажынаюць плён тых першых больш-менш дэмакратычных выбараў, якія прывялі да ўлады Лукашэнкі. У народа была рэальная магчымасць галасаваць за правага нацыяналіста Пазняка, чальца-карэспандэнта Акадэміі навук Шушкевіча, за камуніста Новікава. Але людзі выбралі папуліста-калгасніка Лукашэнку і зараз за гэта адказваюць. Калі б удалося захаваць дэмакратыю, то яго б на наступных выбарах не абралі.
- Ці варта рыхтавацца да яшчэ больш цяжкіх часоў?
- Цяжкія часы яшчэ прыйдуць. Цяпер ідзе страта суверэнітэту, незалежнасці, мілітарызацыя эканомікі. Адбываецца перанакіроўванне валавога прадукту на так званую абарону, вайсковыя патрэбы і рэпрэсіўны апарат. Гэта ўсё прыводзіць да таго, што аб'ектыўных магчымасцяў для паляпшэння ўзроўню жыцця проста няма.
Але я спадзяюся, што мае сыны, унукі будуць жыць у свабоднай цывілізаванай дэмакратычнай Беларусі. І маладое пакаленне ўзніме ўзровень жыцця, верне павагу да правоў і свабод асобы. Я спадзяюся на лепшую будучыню роднай Беларусі.