BE RU EN

«Марнавала грошы, каб адчуць сябе шчаслівай»

  • 5.08.2022, 8:48

Гісторыі беларусаў, якія жывуць у пазыку.

Беларускія банкі адзін за адным вяртаюць у свой крэдытны партфель розныя прапановы, заадно пакрысе зніжаючы стаўку. І попыт на пазыкі і крэдыты пачынае расці. Для многіх фінансавая дапамога банка - вострая неабходнасць, але нярэдка пад «спажывецкімі патрэбамі» хаваюцца шапагалізм і дэпрэсія.

Дзеля чаго беларусы бяруць на сябе пазыковую ношу і як даюць ёй рады, калі ўзяць грошы ўжо няма дзе, піша myfin.by.

«Давялося лячыцца ў псіхатэрапеўта»: як шапагалізм ледзь не знішчыў шлюб

Стаўшы студэнткай, Аляксандра ўладкавалася на падпрацоўку. Праз нейкі час наважылася на першую дарагую куплю - ноўтбук ад кампаніі Apple (MacBook). Каб не збіраць, узяла лэптоп у растэрміноўку. А потым спазнала смак: аформіла спажывецкі крэдыт, каб купіць тэлефон, кававарку і нават зрабіла сабе рынапластыку.

Пакуль у асабістым жыцці і на працы ўсё складалася, беларуска спакойна выплачвала пазыкі і кантралявала свае выдаткі, а калі надыходзіла чорная паласа, даваць рады дэпрэсіям і трывожнымі станамі дапамагаў шопінг. Малады чалавек Аляксандры заўважаў, што дзяўчына жыве не адпаведна сродкам, але аб маштабах праблемы не здагадваўся.

-Я марнавала грошы, каб адчуць сябе шчаслівай. Усе набыткі ўспрымала, як тэрміновыя выдаткі. Былі, канечне, сярод іх неабходныя. Напрыклад, у мяне ўзніклі праблемы са здароўем. Тады, каб разлічыцца з мікрапазыкамі і растэрміноўкай, узяла яшчэ адзін спажывецкі крэдыт. Пакуль выплачвала яго, ледзь не сарвалася. Дапамагла мама, яна дала частку сумы і пракантралявала, каб я не выдаткавала грошы кудысьці яшчэ.

Пасля замужжа Аляксандра пераехала на кватэру, якая дасталася мужу ў спадчыну ад сваякоў. Адразу паўстала пытанне рамонту.

- Праз фірму замовілі кухонны гарнітур у крэдыт на тры гады пад 13%. А тэхніку на кухню прыкладна на 4 000 рублёў узялі ў беспрацэнтную растэрміноўку праз банк. За гэтым крэдытам пацягнуліся іншыя пазыкі і растэрміноўкі: на пралку, уваходныя дзверы, пыласос.

- Быццам, усё патрэбнае, але назапасіць на куплю не атрымлівалася праз нявыплачаныя пазыкі з мінулага набыцця. Выходзіла замкнёнае кола. Дайшло да таго, што сталі афармляць новыя крэдыты ўжо на сваякоў. Тыя спачатку згаджаліся, але пазней забілі трывогу: ёсць рэчы першай неабходнасці, але без новага тэлевізара можна пражыць. З гэтым быў згодзен і муж Аляксандры, які ўжо некалькі разоў дараваў чарговы крэдыт, узяты жонкай нават без яго згоды. Ён працуе кіроўцам у прыватніка, магчымасцяў падвысіць заробак няма.

Сваркі на гэтай глебе пачасціліся, і Аляксандра ўсвядоміла глыбіню сваёй праблемы. Каб захаваць сям'ю, для барацьбы з шапагалізмам яна звярнулася да псіхатэрапеўта. Цяпер у сям'і працягваецца рамонт. Сваякі дапамагаюць ужо не грашыма, а пошукам акцыйных ці амаль дармовых прапаноў. Новых растэрміновак пакуль удаецца пазбягаць. Цяпер блізу 1 700 рублёў, ці амаль увесь заробак мужа, ідзе на пазыкі. І на жыццё ў пары застаецца прыкладна 1500 рублёў.

- Спадзяюся, мы неўзабаве пераадолеем гэтыя часовыя цяжкасці. Я, вядома, хвалююся, калі думаю аб будучыні. Хацелася б цвёрда стаяць на нагах, калі ў нас з'явяцца дзеці.

«На картцы заўсёды ляжыць 2 000 рублёў на ўсялякі выпадак»: крэдыт на «чорны дзень»

Павел Андрэевіч у 2016 годзе, за два гады да пенсіі, надумаў змяніць месца жыхарства і перабрацца з вёскі ў горад. У яго была сума на першапачатковы ўнёсак для будаўніцтва кватэры. Але рэзка пачаў расці курс даляра, і з крэдытаваннем былі складанасці.

Абраны банк крэдытаваў мужчыну на той падставе, што ён стаяў у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

- Прычым, крэдыт быў пад прыстойную стаўку, ануітэтныя плацяжы, гэта значыць роўнымі дзелямі цягам 20 гадоў. Сэнс у тым, што першую палову тэрміну адсоткаў больш, асноўнай пазыкі - менш. А да канца крэдыту - наадварот.

На той момант я меў добры заробак і меркаваў, што пры выхадзе на пенсію будуць таксама вялікія выплаты. Бо я прапрацаваў на адным месцы больш за 30 гадоў, - падае свае развагі мужчына.

Праз год пасля ўкладання дамовы з банкам стаўка пачала зніжацца, сталі даступныя крэдыты на спажывецкія патрэбы і з'явіўся варыянт рэфінансавання. На гэтым этапе падключыўся сваяк Паўла Андрэевіча, які ўзяў крэдыт на спажывецкія патрэбы, і за кошт гэтых сродкаў удалося выплаціць прыстойную частку крэдыту на нерухомую маёмасць. А астатнюю частку перакрэдытавалі ў іншым банку.

Як толькі з'явілася магчымасць, абодва атрымальнікі пачалі кожныя 3 месяцы рэфінансаваць свае крэдыты.

- За 4 гады шляхам рэфінансавання ўдалося цалкам разлічыцца за крэдыт на нерухомасць. Застаўся другі - на спажывецкія патрэбы з прывязанай банкаўскай пластыкавай карткай, якая штогод абнаўляецца. Дамова актуальная дагэтуль, і ўмовы вельмі выгадныя, паколькі стаўка не ўзнімалася вышэй. Калі грошы не здымаць, то і плаціць за крэдыт нічога не трэба. Для майго сваяка гэта рэальная дапамога на «чорны дзень»: у яго маленькі заробак, з такім ніводны банк зараз крэдыт не дасць. А так на картцы ёсць 2 000 рублёў на выпадак неабходнасці, - тлумачыць пенсіянер атрыманую выгаду.

«Сам памыліўся - чытаў няўважліва»: парады для тых, хто плануе ўзяць крэдыт

Прыкладна паўгода таму сталічны пенсіянер, ветэран працы Валерый Пятровіч, быў у вельмі цяжкім становішчы.

- Хацеў купіць да навагодніх свят унучкам падарункі. Пенсія ў мяне невялікая, надумаў узяць крэдыт у банку на 300 рублёў. Там супрацоўніца, прыемная такая, мяне адразу папярэдзіла, што стаўка за крэдыі амаль 30% гадавых, але для пенсіянераў ёсць спецыяльная акцыя - амаль 16%. Я, вядома, узрадаваўся, падпісаў дамову. А ўжо дома ўбачыў падвох. Так, сам спудлаваў, чытаў няўважліва. Але ж і супрацоўніца банка мне нічога не растлумачыла, - тлумачыць паджылы чалавек.

Высветлілася, што сума крэдыту склала 449 рублёў. З гэтай сумы 149 рублёў каштаваў пакет паслуг для адкрыцця і вядзенні рахунку, які кліенту быў зусім без патрэбы. Але ў выніку адсоткі яму налічвалі на ўсе 449 рублёў.

Цяпер Валерый Пятровіч да ўсіх прапаноў банкаў ставіцца з асаблівай увагай. А на буйныя пакупкі аддае перавагу збіраць.

Што рабіць, каб не патрапіць у такую сітуацыю? Парады для тых, хто плануе ўзяць крэдыт:

Трэба дакладна ўяўляць, як вяртаць суму крэдыту нават ва ўмовах, калі ваша асноўная крыніца даходу можа знікнуць. Ацэніце магчымыя рызыкі: страту працы і гэтак далей. Тое ж тычыцца і варыянтаў растэрміноўкі ад вытворцы або крэдытаў у партнёрскіх праграмах з больш нізкімі стаўкамі.

Самае важнае: уважліва чытайце дамову, а да яе ўкладання запытайце ў пісьмовым выглядзе пад роспіс звесткі аб умовах крэдытавання.

Падбіраючы банк і ўмовы, параўноўвайце памер стаўкі і тое, як яна можа мяняцца, штомесячную суму выплат і іх парадак. Абавязкова даведайцеся аб штрафных санкцыях у выпадку пратэрміноўкі.

Памятайце, банкі не могуць спаганяць дадатковыя плацяжы (камісійныя і іншыя ўзнагароды) за карыстанне крэдытам.

Апошнія навіны