BE RU EN

«Жылі ў адной кватэры з Зянонам Пазняком»

  • 10.07.2022, 10:17

Гісторыя беларусаў, якія ў дзевяностыя эмігравалі ў ЗША.

Пасля распаду Саюза Ігар і Ларыса Шаламіцкія адкрылі ў Беларусі першую прыватную транспартную кампанію. Бізнэс актыўна развіваўся. «Абарачэнне за год – мільён даляраў», – кажа мужчына. Але пасля ўлады бізнэс адабралі.

«Наша Ніва» паразмаўляла з Ігарам і Ларысай аб тым, як яны засталіся ні з чым, беларускую дыяспару ў Нью-Ёрку таго часу і жыццё ў Амерыцы цягам гэтых 26 гадоў.

«Ніякага адваката, які б заняўся афармленнем дакументаў, тады не было. Казалі так: Ідзі да Лёшы на Брайтане»

Яшчэ ў СССР Ігар займаўся міжнароднымі перавозкамі, таму пачаць сваю справу пасля распаду Саюза не баяўся.

У 1996 годзе ў Беларусі пачаўся эканамічны крызіс, для вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ўмовы станавіліся ўсё горшымі і горшымі. Таму Ігар паляцеў у ЗША, каб наладзіць супрацу з новымі магчымымі партнёрамі. Але ўсе планы былі парушаныя: мужчына даведаўся, што ягоную транспартную кампанію ў Беларусі адабралі, Следчы камітэт арыштаваў рахункі. Афіцыйная прычына - нявыплата падаткаў на суму амаль 25 тысяч даляраў.

Выхад у мужчыны быў адзін - застацца ў Нью-Ёрку.

«Я з'язджаў у камандзіроўку, а атрымалася, што назаўжды», – кажа ён.

Ларысе 64 гады, Ігару - 62. Яна з вёскі Малой Ліпаўкі ў Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці, ён - з Пінска.

Да пераезду Ларыса працавала ў Менску сакратаркай у гатэлі «Юнацтва». Ігар да 1987 года быў асістэнтам на кафедры аўтатрактарнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. Потым — старшыня прафкаму «Саўтрансаўта».

Вось ужо 26 гадоў пара жыве ў ЗША. Яны - першая хваля іміграцыі пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады.

Мужчына кажа, што назваць іх іміграцыю толькі эканамічнай нельга. Ігар удзельнічаў у дзейнасці БНФ, актыўна падтрымліваў партыю.

«Мовы абсалютна не ведаў, — расказвае ён. - У савецкай школе ангельскую, вядома, не вучылі. Тады ў Нью-Ёрку было тры месцы, дзе размаўлялі на расейскай, - Брайтан Біч, беларуская дыяспара і царква.

У беларускай дыяспарай у ЗША тады былі беларусы, якія прыехалі пасля Другой сусветнай вайны. Многія з іх трапілі туды з лагераў, калі іх вызваліў другі фронт - амерыканцы і еўрапейцы. Сярод вядомых беларусаў - Антон Шукелойць, ён узначальваў беларуска-амерыканскае аб'яднанне. Унікальны чалавек, падчас акупацыі Беларусі ён быў загадчыкам беларускага гістарычнага музея.

Калі я ехаў у ЗША наладжваць сувязі, ідэя была такая: амерыканскія войскі ў Нямеччыне спісвалі свае старыя тракі (грузавыя машыны), іх можна было вельмі танна купіць. Я звярнуўся па дапамогу ў дыяспару, каб зрабіць такую куплю. А Ларыса, жонка, тады засталася на фірме. Яна мне тэлефанавала з Беларусі на тэлефонны аўтамат у Нью-Ёрку і дакладвала абстаноўку».

Беларуска-амерыканскае аб'яднанне мела ў тыя часы сядзібу ў Квінсе (адзін з раёнаў Нью-Ёрка). Там пачаў жыць Ігар пасля таго, як даведаўся, што ў Беларусь яму вяртацца небяспечна.

З фінансаў у мужчыны было 10 тысяч даляраў. На іх ён жыў некалькі месяцаў да таго, як атрымаў палітычны прытулак.

У Менску ў Ігара заставалася жонка. Ён думаў, якім чынам яе можна перавезці ў ЗША.

«Ніякага адваката, які б заняўся афармленнем дакументаў, тады не было. Казалі так: «Ідзі да Лёшы на Брайтане».

Хачу сказаць, што ва ўсіх дыяспарах, акрамя беларускай і расейскай, заўсёды аказвалася дапамога. У якасці прыкладу магу прывесці габрэйскую арганізацыю. Яны дапамагаюць людзям з пералётам, мэбляй, працаўладкаваннем, мовай. Вельмі добра працуе ўкраінская дыяспара. У іх свае школы, цэрквы, нават спецыфічны банк. Раней яны мелі цэлую вёску ў Манхэтэне.

У беларускай дыяспары было некалькі цэркваў у Брукліне, Нью-Джэрсі, Агаё, але яны былі бедныя. Было некалькі багатых беларусаў, якія дабіліся фінансавага дабрабыту ў Амерыцы, але гэта адзінкі.

Прынцып беларускай дыяспары ў ЗША быў такі: кожны павінен з'есці вядро лайна. Ніхто нікому не дапамагаў, за выключэннем аднаго багатага беларуса, якому я вельмі ўдзячны», - распавядае ён.

Ларыса дапаўняе, што, калі яны хадзілі ў дыяспару, там усе размаўлялі на беларускай мове.

«Цяпер дыяспара імкнецца выжыць і захаваць тое, што тыя пасля Другой сусветнай вайны набылі. Большая частка новай іміграцыі была эканамічнай, змагароў за Беларусь, нацыянальную ідэю практычна не было», - кажа яна.

«Зняць кватэру я не мог, Зянон Пазняк дазволіў пажыць у яго»

Праз нейкі час Ігар даведаўся, што ягоны бізнэс у Беларусі перайшоў людзям, якія ў нейкай ступені мелі дачыненне да кампаніі.

«Для таго, каб купіць трак, трэба было сто тысяч даляраў, - дзеліцца ён. - У каго ў дзевяностыя ў Беларусі былі такія шалёныя грошы? Мне давялося звярнуцца да чалавека з таварыства транспартнікаў Еўропы, а каб стаць сябрам гэтага таварыства, унесці 25 тысяч даляраў. Узначальваў яго ад Беларусі, менавіта ад дзяржавы (гэта важны аспект), мой таварыш (тады ён такі яшчэ быў), які запатрабаваў дзель у маёй кампаніі ўзамен на такі крэдыт. Ён яе потым і забраў. Сам ён мільгаць па дакументах не мог, аформіў свайго цесця.

Калі пачаліся ганенні, можна сказаць, што гэта быў рэйдэрскі захоп, з улікам таго, што яны ведалі, што ў нас праходзяць паседжанні ценявога кабінета БНФ.

Я даваў нейкія грошы на развіццё самой партыі, але палітычным дзеячам ніколі не быў. Як эканаміст рыхтаваў з Уладзімірам Заблоцкім (дэпутат Вярхоўнага Савета. - НН) дакумент аб плаце за транзіт праз Беларусь».

Атрымаў Ігар палітычны прытулак у ЗША праз паўтара месяца пасля падачы дакументаў. Цяпер рэальныя тэрміны - ад трох да пяці гадоў. Мужчына прызнаецца, што вялікую падтрымку яму тут аказаў Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету. Ён ездзіў з Ігарам на інтэрв'ю.

У канцы 1996 года да Ігара прыехала Ларыса, ягоная жонка. Арганізавалі ўсё так, што нібыта яе запрашаюць у ЗША для выступу аб сітуацыі ў Беларусі. У Менску ў Ларысы заставалася дзявятнаццацігадовая дачка ад першага шлюбу.

У Нью-Ёорку жанчына пражыла месяц, а потым вярнулася ў Беларусь.

«Мяне з Ігарам тады ўражвала стаўленне амерыканцаў да такіх, як мы. Яны імкнуліся дапамагаць, асабліва з мовай. Памятаю, як здзівілася, калі ўбачыла, што тут людзі ўсміхаюцца, у іх вочы свецяцца. Нашы людзі тады былі вельмі сумныя, нейкія сярдзітыя, галодныя ці што.

Ніякіх умоваў для жыцця ў нас тады не было. Жыў Ігар у адной кватэры з Зянонам Пазняком. Яму дыяспара зняла кватэру. Ігар яшчэ тады не працаваў, праядалі апошнія грошы.

Я паехала ў Менск, каб сабраць нейкія элементарныя рэчы, забраць нашага ката Тарасіка і вярнуцца ў ЗША. Думала, што зраблю дастаткова хутка дакументы (у мяне атрыманне палітычнага прытулку заняло паўгода) і перавязу Кацю, дачку, сюды. Яна ж таксама аўтаматычна атрымлівала б пакет дакументаў. Але Каця не захацела пераязджаць.

Атрымалася проста прывезці яе ў Нью-Ёрк, мы жадалі паказаць ёй краіну, пераканаць застацца. Цікава, што яна выйшла пагуляць па Брукліне і сустрэла сваю аднакласніцу. Нью-Ёрк тая яшчэ вёска.

Каця тады закахалася ў Беларусі, потым выйшла замуж, нарадзіла дачку і засталася ў Менску. Пераехала яна да нас толькі ў свае 36 гадоў», - распавядае Ларыса.

Ігар пайшоў шукаць працу на амерыканскую біржу. Усе агенцтвы па працаўладкаванні на Брайтан Біч патрабавалі за свае паслугі вялікія грошы.

На працу Ігара ўзяў прадпрымальнік, які збіраў са сметніцаў антыкварыят.

«У той час людзі мянялі мэблю кожныя тры гады. Многія імігранты бралі яе сабе, гэта было нармальна.

Я зачышчаў наждачкай мэблю. Пальцы былі сцёртыя да мяса, плацілі 5 даляраў за гадзіну. На тыдзень, атрымліваецца, я зарабляў 250 даляраў. Зняць кватэру я не мог, жыў у Зянона Пазняка.

Уявіце, як гэта псіхалагічна цяжка, калі я да гэтага выкладаў ва ўніверсітэце эканоміку, а потым свая фірма, дзе людзі працавалі на мяне. Але калі б я пра гэта задумваўся, то звар'яцеў. Ставіў мэты і не думаў, кім я быў раней.

Наступная мая праца - кіроўца ў транспартным сэрвісе. Уладкаваў мяне туды знаёмы беларус. Там ужо быў добры заробак — 500 даляраў на тыдзень. Тады ўжо ўдалося зняць за 700 даляраў невялікую кватэру на ўзроўні зямлі (не ў падвале). Цяпер мы плацім за двухпакаёвую 2 000 даляраў, гэта ў Брукліне. Сярэдні кошт у гэтым раёне 2700, у Манхэтэне - 3500», - распавядае Ігар.

Трэцяе месца працы мужчыны - лімузін-сэрвіс, які быў разлічаны на заможных людзей.

«Для гэтага мне трэба было купіць адпаведнае аўто, каштавала яно 15 тысяч даляраў. Я пайшоў да заможнага беларуса, які іх мне пазычыў. Выплачваў яму два гады. Але гэта не значыць, што я сам езджу на лімузіне, як многія прадстаўляюць», - кажа ён.

«Сядзелкай я працавала па 57-58 гадзін на тыдзень, была з выхадцамі з былога СССР»

Ларыса расказвае, што спачатку ў іх нічога не было: ні відэльцаў, ні талерак, ні падушкі, ні коўдры. І грошай, каб купіць усё адразу, таксама. Ігар прыляцеў у ЗША ў гарнітуры, з сабой у яго было толькі некалькі кашуль, у Ларысы - невялікі чамадан з рэчамі.

«Памятаю, выехалі мы ад Пазняка. Ідзем па вуліцы, бачым канапу. Мэблі ж у нас не было. Мы яе піхалі да самага нашага дома, зацягнулі ў кватэру. Тут я пайшла яе аглядаць, а там ззаду яна ўся парэзаная. Душа апусцілася ў пяткі, пацягнулі назад на вуліцу.

Яшчэ была скрынка з-пад тэлевізара, і нейкі перыяд мы елі на ёй замест стала. Праз месяц у нас у кватэры сталі бегаць прусакі (гэта агулам праблема для Нью-Ёрка), мы з той кватэры з'ехалі праз некалькі месяцаў. Знялі іншую за 750 даляраў», - успамінае яна.

Спачатку Ларыса пайшла працаваць нянькай у габрэйскую сям'ю. А пасля адвучылася на курсах сядзелкі і даглядала паджылых людзей.

«Я была задаволеная, што ёсць праца. Адзіныя перажыванні былі наконт дачкі, якая засталася ў Беларусі.

Сядзелкай я працавала па 57-58 гадзін на тыдзень, была з выхадцамі з былога СССР. Праз тое, што шмат паднімала цяжараў, пачаліся праблемы са спіной. Перанесла дзве аперацыі», - дзеліцца яна.

«Вельмі важна для імігранта, у якое асяроддзе у ён патрапіў»/

У ЗША шмат увагі надаюць ахове жывёл і дапамозе паджылым людзям.

«У нас, дарэчы, у вокны ходзяць яноты і апосумы.

Тут ніхто не сядзіць на вуліцы і не клянчыць грошы. Калі ты бедны, то дадуць субсідаванае жыллё, харчовыя карткі і бясплатную медыцыну. Усякі паджылы чалавек у Амерыцы абаронены», - тлумачыць Ларыса.

Ігар дапаўняе, што ён за 26 гадоў жыцця ў ЗША, ні разу не адчуваў сябе чалавекам другога гатунку. З прыніжэннем па прафесіі ніколі не сутыкаўся.

«Такое можа быць па палітычных поглядах, сэксуальных, расавых прыкметах, але не па працы», – кажа ён.

Ангельскую мову Ігар вучыў на працы. Цяпер яна ў яго практычна без акцэнту.

«Тут ніхто не пераследаваў, што ты яе не ведаеш, а наадварот дапамагалі. Наступны момант: напрыклад, ты ідзеш у суд, пытаюцца, ці патрэбны перакладчык. І яго даюць. Таксама ў шпіталі прыйдзе расейскамоўная медсястра, якая перавядзе.

У Нью-Ёрку законы дасылаюць на чатырох мовах: ангельскай, расейскай, гішпанскай, кітайскай.

Вельмі важна для імігранта, у якое асяроддзе ён патрапіў. Калі б мне хтосьці сказаў ісці на гарадскую працу, а не ў лімузін-сэрвіс, я думаю, што мы б цяпер жылі лепш. Больш устойлівае становішча. У Беларусі ў нас заставаліся свае сем'і, якія трэба было падтрымліваць. Мы перасылалі грошы родным. І гэта рабілі абсалютна ўсе мігранты, не толькі мы», - кажа ён.

«Найбліжэйшыя людзі сядзяць побач з табой, а ты нічога не адчуваеш. І яны таксама»

Ларыса і Ігар зазначаюць, што ім вельмі хацелася пабачыцца з роднымі і блізкімі, але не вярнуцца ў Беларусь.

У свой першы водпуск яны паехалі на такую сустрэчу ў Прагу ў 2002 годзе.

«Убачыліся там з унучкай, якую нарадзіла дачка Ларысы, ёй было 11 месяцаў. Дарэчы, яна ў 2021-м патрапіла пад рэпрэсіі ў Беларусі і таксама была змушаная з'ехаць.

Мы не маглі нікуды выязджаць, бо тады грынкарты чакалі некаторыя па 8 гадоў. У нас былі проста беларускія пашпарты савецкага ўзору. І вось упершыню гэта атрымалася ў пачатку нулявых, мы знялі катэдж у цэнтры Прагі для ўсіх сваякоў. Сустрэліся яшчэ тады з Сяргеем Навумчыкам.

Гэта ўсё каштавала шмат грошай: пералёт, арэнда жылля. Але нам было так радасна, што мы ўбачылі сваіх блізкіх. Потым ужо Ларыса лётала сустракацца ў Вільню, а пазней і ў Беларусь», - распавядае мужчына.

Прыехаў у Беларусь Ігар у 2014 годзе, каб пабачыцца са сваімі блізкімі.

«Прыйшло разуменне, што мы сталі зусім чужымі людзьмі, - кажа Ігар. - Сябруеш з чалавекам, а як толькі вашы шляхі па жыцці разыходзяцца, усё знікае. Інтарэсы знікаюць, размаўляць няма пра што. Было адчуванне, што мы змяніліся, а яны не. Самыя родныя людзі сядзяць побач з табой, а ты нічога не адчуваеш. І яны таксама.

Усе сем'і мігрантаў, якія засталіся ў Беларусі, выкраслілі тых, хто з'ехаў са свайго жыцця. У спадчыне, напрыклад. Перасталі віншаваць з днём нараджэння. Сёлета я ўпершыню не павіншаваў свайго брата, бо за 26 гадоў ён мяне ні разу не павіншаваў. У нас няма сваякоў у Беларусі, мы не адчуваем, што там нехта застаўся».

У Ларысы ў траўні гэтага года ў Беларусі памерла маці. Яна кажа, што цяпер страціла апошнюю сувязь з Беларуссю.

«У нас была цяга ў Беларусь праз іх, - тлумачыць Ігар. - Мы планавалі выйсці на пенсію ў Амерыцы і вярнуцца жыць у Беларусь. Пасля 2020 года зразумелі, што там рабіць няма чаго. І яшчэ, калі я быў у Менску, адчуў нейкую злосць сярод беларусаў. Таму не было ніякай нуды па краіне, толькі па блізкіх. Радзіма там, дзе твая сям'я. Гэта дакладна.

Ад таго, што адбываецца ў Беларусі, мы не адрываліся доўга. Першыя 10 гадоў вельмі актыўна сачылі, потым не, а ў 2020-м зноў сталі.

Я агулам мяркую, што беларусы - цяжкая нацыя.

Раскажу анекдот. Беларус прыехаў у ЗША, знайшоў працу, пабудаваў дом і дзве царквы. У яго пытаюцца: «Табе навошта дзве?» Адказвае «У гэтую я хаджу, а ў гэтую ні нагой». У той час беларусы і аб'яднанне былі як дзве супрацьлеглыя рэчы».

Цяпер Ігар у ЗША прадаўжае працаваць кіроўцам, Ларыса - на пенсіі. Дачка жанчыны пераехала жыць у ЗША, а ўнучка - у Еўразвяз. Мужчына і жанчына не шкадуюць, што ў іх у жыцці ўсё так склалася, гавораць, што гэта лёс.

«Цяпер толькі праблема, як сустрэцца з унучкай. Вельмі цяжка ёй атрымаць амерыканскую візу, вялікая чарга. Мы можам паехаць куды-небудзь у Еўразвяз, пабачыцца, але Каця, яе маці, пакуль не можа выехаць з ЗША, пакуль не атрымае грынкарту. Не бачыліся мы ўжо восем год. І гэта, вядома, няпроста. Але спадзяемся, што з'явіцца якая-небудзь магчымасць», - падсумоўваюць Шаламіцкія.

Апошнія навіны