Грамадзянка Ізраіля за жоўта-блакітныя стужкі правяла амаль месяц на Акрэсціна
- 19.06.2022, 16:05
Ірыну Капілаву трымалі ў нечалавечых умовах.
Грамадзянка Ізраіля Ірына Капілава, якая нарадзілася і вырасла ў Беларусі, правяла 28 дзён у ізалятары на Акрэсціна за жоўта-блакітныя стужкі на аўтамабілі. Сваю гісторыю жанчына расказала ў эфіры ранішняй «Студыі Белсат» 19 чэрвеня.
Стужкі на сваім аўтамабілі Ірына Капілава змясціла яшчэ 26 лютага, і два месяцы гэта быў яе «персанальны» пікет. Таксама ў жніўні 2020 года жанчына брала ўдзел у акцыі пратэсту кіроўцаў на праспекце Незалежнасці ў Менску. У выніку за два гэтыя пратэсты – супраць гвалту і вайны – яе і асудзілі. Але фармальна яе арыштавалі, прычым двойчы, за нібыта размахванне рукамі і невыкананне загадаў міліцыянтаў у РУУС.
З жанчынай правялі пяць допытаў, у тым ліку прадстаўнік ГУБАЗіКу, якія пагражалі ёй, што яна застанецца на Акрэсціна столькі, колькі спатрэбіцца на ўзлом яе тэлефона.
«Вельмі цяжкія ўмовы ўтрымання. Мне здаецца, усе магчымыя міжнародныя нормы парушаныя што да ўтрымання ў такіх установах. У такіх невыносных, насамрэч, умовах. Вязняў трымаюць у вельмі маленькіх камерах. Прычым гэта тычыцца менавіта палітычных вязняў», - распавяла грамадзянка Ізраіля.
З яе слоў, некаторы час у камеры на два месцы было 18 чалавек, з іх пяцёра - бяздомнікі з вошамі. Ад апошніх некаторыя з палітвязняў заразіліся.
«Мы спалі седзячы. Увечары перад адбоем мы трэніраваліся. У нас гэта называлася «рэпетыцыя сну»: як нам зручней сесці, каб усе змясціліся на падлозе. Натуральна, без ложкаў», - кажа Ірына Капілава.
Святло ў камеры гарэла ўвесь час. А 2-й і 4-й гадзінах ночы вязняў паднімалі на ногі, адбывалася пераклічка. Вязняў не вадзілі ў душ і на шпацыр і нават забівалі ім адзінае акно, праз якое паступала крыху свежага паветра.
Да таго ж у вязняў перад тым, як змясціць у камеру, забіралі ўсе сродкі гігіены, неабходныя рэчы. Пры гэтым многім жанчынам прадаўжалі тэрмін зняволення на адзін-два месяцы, у тым ліку і самой Ірыне.
Разам з ёй у камеры за палітыку трымалі і былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну, былі студэнткі, хатнія гаспадыні і іншыя неабыякавыя жанчыны. З іншага боку камеры былі «абсалютна неадукаваныя» ахоўнікі, якія размаўлялі прапагандысцкімі клішэ, у тым ліку пра вайну ва Украіне. І дабіцца ад іх адэкватнага адказу на самае простае пытанне, ці хаця б на просьбу аб туалетнай паперы, было вельмі цяжка.
«Тры дні можна было прасіць і не атрымаць», - распавяла былая вязень Акрэсціна.
Пасля вызвалення з Акрэсціна жанчына адразу ж з'ехала ў Літву. Ёй забаронены ўезд у Беларусь на пяць год. Цяпер Ірына Капілава плануе падаваць у ізраільскую пракуратуру заяву з прычыны парушэння яе правоў у Беларусі.