Суд над удавой Андрэя Зэльцара пачнецца 31 траўня
- 12.05.2022, 19:01
Ён будзе закрытым.
У Менскім гарадскім судзе 31 траўня пачнецца разгляд справы ўдавы загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ Андрэя Зэльцара. Як паведамляюць праваабаронцы, суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Марыю Успенскую абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка паводле ч.2 арт. 139 КК РБ. Паводле гэтага артыкула жанчыне пагражае аж да пажыццёвага зняволення.
Марыю Успенскую затрымалі 28 верасня мінулага года - пасля перастрэлкі ў выніку якой загінулі яе муж Андрэй Зэльцар і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.
Спачатку яе трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, потым перавялі ў СІЗА. У снежні стала вядома, што жанчына тры тыдні правяла ў Навінках. Як расказвала яе маці, вынікі экспертызы ім не былі вядомыя. Жанчына таксама скардзілася, што за час, які дачка правяла за кратамі, маці не дайшло ад яе ніводнага ліста.
Што здарылася на Якубоўскага
28 верасня сілавікі ўварваліся ў кватэру на менскай вуліцы Якубоўскага, адбылася перастрэлка, у выніку якой загінулі два чалавекі.
Смяротна паранены быў супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк з пазыўным «Нірвана». Яму быў 31 год, у яго засталіся жонка і малалетняе дзіця.
Загінуў таксама IT-спецыяліст Андрэй Зэльцар. Яму таксама быў 31 год, мужчына працаваў у EPAM, займаўся фехтаваннем, трыятлонам, бегам на доўгія дыстанцыі і трэйлранінгам.
Жонцы Андрэя, Марыі Успенскай, 40 гадоў, разам яны выхоўвалі 8-гадовага сына. Марыя была ў кватэры ў момант перастрэлкі і здымала інцыдэнт на тэлефон. СК паведаміў, што Марыя «праводзіла відэаздымку злачынства і садзейнічала яго ўчыненню, затрыманая праз падазрэнне ў саўдзеле забойства супрацоўніка КДБ».