Першыя добраахвотнікі Інтэрнацыянальнага легіёна ўжо знаходзяцца на пазіцыях на ўскраінах Кіева
- 7.03.2022, 21:01
Гэта добраахвотнікі з Вялікабрытаніі, ЗША, Швецыі, Літвы, Мексікі і нават Індыі.
Першыя добраахвотнікі Інтэрнацыянальнага легіёна Тэрытарыяльнай абароны Украіны ўжо знаходзяцца на пазіцыях на ўскраінах Кіева. Пра гэта паведамілі Наземныя войскі Узброеных сіл Украіны.
«Добраахвотнікі з Вялікабрытаніі, ЗША, Швецыі, Літвы, Мексікі і нават Індыі», - гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, 27 лютага Зяленскі заклікаў замежнікаў прыехаць ва Украіну і далучыцца да барацьбы супраць расейскіх войскаў.
Згодна з палажэннем аб праходжанні вайсковай службы ва Узброеных сілах Украіны замежнікамі і асобамі без грамадзянства, зацверджаным указам прэзідэнта ад 10 чэрвеня 2016 года №248, замежнікі маюць права паступіць ва УСУ на вайсковую службу паводле кантракта ў добраахвотным парадку, у тым ліку і ў рады Сіл тэрытарыяльнай абароны УСУ.
З замежнікаў фармуецца асобнае падраздзяленне - Інтэрнацыянальны легіён тэрытарыяльнай абароны Украіны.
Для запісу ў Інтэрнацыянальны легіён і па ўсіх дэталях можна звяртацца да аташэ ў пытаннях абароны пасольства Украіны ў дзяржаве асобы, якая хоча ўстаць на абарону Украіны.
Прэзідэнт Украіны ўвёў з 1 сакавіка бязвізавы рэжым для замежнікаў, якія жадаюць уступіць у Інтэрнацыянальны легіён абароны Украіны. Бязвіз уводзіцца часова на перыяд дзеяння ваеннага становішча.