СБУ паказала відэа допыту збітага расейскага лётчыка
- 7.03.2022, 20:02
Акупант бамбіў Харкаў.
Расейскі лётчык, які бамбаваў жылыя кварталы Харкава, затрыманы. Украінскія праваахоўнікі паведамілі яму пра падазрэнне ў парушэнні законаў і звычаяў вайны, забойстве мірных жыхароў і замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Упраўленне Службы бяспекі Украіны ў Харкаўскай вобласці 7 сакавіка апублікавала відэа допыту 40-гадовага палкоўніка Паветрана-касмічных сіл Расеі Максіма Крыштопы, намесніка камандзіра аднаго з расейскі авіяцыйных палкоў.
Следства ўстанавіла, што пілот Максім Крыштопа і штурман Алег Норын з 24 лютага да 6 сакавіка бамбілі жылыя кварталы Харкава з мэтай забойства жыхароў горада. Для нападаў яны выкарыстоўвалі некіравальныя паўтонныя бомбы. Над Харкавам іх збілі ўкраінскія вайскоўцы, пілота затрымалі і перадалі СБУ, штурман - яшчэ хаваецца.
Са слоў пілота, загад аб нанясенні авіяўдараў па Харкаве і вобласці аддаў генерал Алег Макавецкі, ураджэнец Чугуева Харкаўскай вобласці.
Дзеянні экіпажа прывялі да гібелі васьмі жыхароў Харкава, поўнага або частковага разбурэння шматкватэрных жылых дамоў, адміністрацыйных будынкаў, медыцынскіх і адукацыйных устаноў, інтэрнатаў.
Пры гэтым затрыманы расеец сцвярджае, што ён павінен быў бамбаваць «лясны масіў на поўнач ад Харкава для знішчэння жывой сілы праціўніка».
Крыштопе інкрымінуюць замах на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 110) і парушэнне законаў і звычаяў вайны, сумешчаныя з наўмыснымі забойствамі (ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны).