Украіна падтрымала стварэнне трыбунала для пакарання кіраўніцтва РФ як нацыстаў
- 7.03.2022, 19:57
Удзел у стварэнні трыбунала прыме кааліцыя дзяржаў.
Украіна падтрымала стварэнне міжнароднага трыбунала для пакарання кіраўніцтва Расеі за злачынствы агрэсіі як над нацыстамі.
Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў Facebook.
«24 лютага Расейская Федэрацыя пачала новы этап агрэсіі, поўнамаштабную агрэсіўную вайну супраць Украіны. У прамовах перад і падчас уварвання прэзідэнт РФ падрабязна выклаў матывы сваіх дзеянняў. Ён публічна адмаўляў права Украіны і ўкраінскага народа на існаванне, што паказвае на чалавеканенавісніцкую ідэалогію ў аснове злачынства агрэсіі Расеі», - адзначае Кулеба.
У сувязі з гэтым Украіна разам з партнёрамі ініцыявала шэраг міжнародна-прававых працэсаў для прыцягнення злачынцаў да адказнасці. Размова ідзе аб справах у міжнародным судзе ААН, міжнародным крымінальным судзе, Еўрапейскім судзе правоў чалавека і іншых.
Так, падчас гэтых працэсаў разглядаюцца асобныя парушэнні і злачынствы падчас агрэсіі. У той жа час усе яны з'яўляюцца вытворнымі галоўнага злачынства - узброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны.
«Улічваючы беспрэцэдэнтны больш чым за 80 гадоў характар несправакаванай агрэсіі і адсутнасць адпаведных міжнародна-прававых механізмаў для прыцягнення РФ і яе кіраўніцтва да адказнасці за такое цяжкае злачынства супраць чалавецтва, я падтрымаў ініцыятыву міжнароднай навуковай супольнасці ў стварэнні спецыяльнага трыбуналу разгляду справы аб злачынстве расейскай агрэсіі супраць Украіны», - падкрэсліў Кулеба.
Ён дадаў, што ўдзел у стварэнні трыбунала прыме кааліцыя дзяржаў. Украіна тым часам праводзіць збор усіх доказаў, якія тычацца злачынства агрэсіі супраць яе, і ўдзячная сваім партнёрам за гатоўнасць падтрымаць гэтую працу.
«Прэцэдэнт стварэння такога інструмента міжнароднага правасуддзя ўжо быў у мінулым стагоддзі. У студзені 1942 года ў Лондане прадстаўнікі дзевяці дзяржаў падпісалі дэкларацыю, якая заклала асновы Нюрнбергскага трыбунала», - адзначыў кіраўнік МЗС.
Кулеба ўдзячны вядучым спецыялістам міжнароднага права, якія распрацавалі праект дэкларацыі і заявы з заклікам да стварэння спецыяльнага трыбунала для пакарання кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі за злачынства агрэсіі супраць Украіны.
«Асобна падкрэсліваю, што работа над стварэннем трыбунала не замяняе, а дапаўняе існыя справы за ўчыненыя падчас агрэсіі вайсковыя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, якія зараз расследуюцца ў міжнародным крымінальным судзе, а таксама ініцыяваныя Украінай працэсы ў міжнародным судзе ААН і Еўрапейскім судзе правоў чалавека», - сказаў міністр.
Кіраўнік МЗС выказаў перакананне, што сумеснымі намаганнямі ўдасца прыцягнуць да адказнасці Расейскую Федэрацыю і яе кіраўніцтва за злачынства агрэсіі.