BE RU EN

Пустыя паліцы і шалёная інфляцыя: што адбываецца ў беларускіх крамах

  • 7.03.2022, 16:37

Кошты прадуктаў растуць вельмі хутка.

З пачатку года беларускія ўлады абмежавалі ўвоз шэрагу прадуктаў еўрапейскай вытворчасці. А з пачатку ўварвання Расеі ва Украіну, у тым ліку з нашай тэрыторыі, краіна патрапіла пад новыя санкцыі. Паралельна з гэтым для імпарту закрылася беларуска-ўкраінская мяжа і стаў даўжэйшым шлях тавараў з Польшчы. З пачатку вайны курс даляра павялічыўся больш чым на 16%, а з пачатку года - больш чым на 21%. Усё гэта непазбежна адбіваецца на гандлі. Сайт zerkalo.io расказвае, як менавіта.

Кошты прадуктаў растуць вельмі хутка

Усе цэны ў гэтым матэрыяле запісаныя са слоў чытачоў, якія падалі чэкі і фатаграфіі цэннікаў у якасці пацверджання.

У розных гарадах Беларусі з ростам курсу даляра павялічваюцца і кошты прадуктаў, найперш імпартных. Салодкі перац у крамах каштуе прыблізна 15-17 рублёў, але сустракаецца і за 25. За тыдзень да гэтага ён каштаваў блізу 12 рублёў.

Хутка растуць кошты бананаў. У чэку са сталічнай крамы за мінулы тыдзень цана гэтай садавіны была 4,3 рубля, а цяпер яна вар'юецца ад 5,5 да 7.

Моцна падаражэла і рыба. У адной з крам Кобрына кошт стэйку са стронгі за паўтара месяца вырас з 38 рублёў за кілаграм да амаль 56.

Разам з ростам коштаў падскочыў попыт на некаторыя прадукты. Больш актыўна, гавораць суразмоўцы, у крамах раскупляюць буйную соль і цукар. У выніку паліцы ў асобных прадуктовых на выходных выявіліся пустымі. «У Наваполацку ўчора (6 сакавіка - Заўв.) цяжка было знайсці буйную соль ні ў адной з крамаў, зрэдку траплялася дробная», - распавёў нам пакупнік з гэтага горада. «Бяруць асабліва ўкраінскую соль, якую выкарыстоўваюць для кансервавання. Думаюць, што яе доўга цяпер не будзе», - пацвердзіў работнік супермаркета ў Рагачове.

У чэргах у крамах можна сустрэць людзей з такім наборам прадуктаў. Акрамя солі і цукру, у вазку часта сустракаюцца па некалькі пакункаў круп, мукі, макароны, алею.

Прадаўцы параўноўваюць ажыятаж на прадукты з пачаткам пандэміі каранавіруса ў 2020 годзе. А пустыя паліцы ў некалькіх крамах тлумачаць тым, што на выходных не было новых паставак, а людзі закупляліся дастаткова актыўна.

- Я не хачу паддавацца паніцы. Але ніхто не ведае, што будзе далей. Таму я лепш куплю цяпер некалькі кілаграм грэчкі, макароны, набуду гарбаты, кавы, цукру і солі. Так мне будзе спакайней, - тлумачыць жыхар Гомеля.

Жыхарка Магілёва ў суботу ўвечары ў краме «Тройка» заўважыла аб'яву, у якой гаварылася, што некаторыя прадукты прадаюцца не больш за тры пакункі ў адны рукі.

- Многія пакупнікі хацелі браць шмат, напрыклад, цукар па 10 кілаграм. Але на касе не прадавалі ў такой колькасці, спасылаючыся на гэтую паперку, - кажа суразмоўца.

У самой краме 7 сакавіка, куды журналістка патэлефанавала як пакупнік, сказалі, што ніякіх абмежаванняў на продаж прадуктаў у іх няма.

Беларусы актыўна скупляюць не толькі прадукты. Павялічыўся попыт на тавары для жывёл. На сайтах двух буйных зоамагазінаў пакупнікоў папярэджваюць аб павелічэнні тэрмінаў дастаўкі праз высокую загрузку. У той жа час, гавораць суразмоўцы, ёсць праблемы са спецыялізаваным і дыетычным кормам, які ўвозіцца з заходніх краін.

За апошні тыдзень стала прыкметна даражэй парадаваць дзіця і абслужыць свой аўтамабіль. Напрыклад, дзіцячы бегавел 2 сакавіка ў інтэрнэт-краме каштаваў 176 рублёў са зніжкай (без яе 187,45 рубля), а 7 сакавіка на тым жа сайце - ужо 231 рубель.

У іншай онлайн-краме, якая спецыялізуецца на аўтатаварах, 18 лютага наш чытач замовіў маторнае масла для аўтамабіля за 129,8 рубля, а 7 сакавіка яно каштуе ўжо 223 рублі.

Напярэдадні міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў паведаміў, што МАРГ «будзе спыняць усе спекуляцыі на харчовым рынку».

- Беларусь гатовая да розных сцэнараў развіцця падзей, адпрацоўваюцца альтэрнатыўныя варыянты паставак, замяшчэння прадукцыі. Мы не закрытая дзяржава сёння, толькі невялікая частка свету супраць нас настроілася. Ёсць і іншыя месцы. Мы працуем з тымі краінамі, якія хочуць з намі працаваць, - заявіў ён.

Апошнія навіны