Еўразвяз рыхтуецца прыняць пяць мільёнаў бежанцаў з Украіны
- 7.03.2022, 15:55
Для гэтага будуць мабілізаваныя ўсе рэсурсы.
Еўразвяз рыхтуецца прыняць пяць мільёнаў бежанцаў з Украіны. Аб гэтым заявіў сёння Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль перад сустрэчай міністраў развіцця краін ЕЗ.
«У гэтым выпадку трэба прыгатавацца прыняць да пяці мільёнаў чалавек», - сказаў ён аб сітуацыі ва Украіне.
Са слоў Барэля, колькасць бежанцаў можа вырасці да такой колькасці, калі РФ прадоўжыць хаатычна абстрэльваць і бамбаваць гарады.
Барэль нагадаў, што падчас міграцыйнага крызісу ў 2015-2016 гадах у Еўропу прыбылі амаль 1,5 млн чалавек.
«Трэба мабілізаваць усе рэсурсы Еўрапейскага Звязу, каб дапамагчы краінам, якія прымуць гэтую плынь. Трэба дапамагчы Польшчы, трэба дапамагчы ўсім краінам, якія маюць межы з Украінай, каб стварыць сродкі, неабходныя для прыёму гэтых людзей», - дадаў Барэль.