«Заробку ўжо не выстарчыць аплачваць здымнае жыллё»
- 7.03.2022, 14:48
Як вайна ва Украіне ўдарыла па беларускіх працоўных.
Telegram-канал «Беларускага аб'яднання рабочых» публікуе апавяданні беларусаў аб тым, як змянілася іх эканамічнае становішча пасля пачатку вайны:
Інжынер-канструктар ААТ «МЭТЗ ім. В.І. Казлова»:
«Па заробках судзіць не варта: кіраўніцтва напінаецца паказаць, што ўсё добра, маўляў справы ідуць угору: то прэмію падкінуць, то надбаўкі павялічаць ці прэміі па КТВ. Дзесьці павялічыцца, дзесьці паменшыцца – агульная сума, нібы расце, але што толку?
За інфляцыяй рост ніяк не паспявае. Заробак расце на пару адсоткаў, а кошты - у разы. І гэта яшчэ да вайны было. Цяпер пачнуцца санкцыі, закрыьтыя межы, а яшчэ і ковід. Ну і дадайце сюды адсутнасць тавараабарачэння з Украінай. Дарэчы, не заўважалі? Яны ў нас набывалі бензін, электраэнэргію, а мы ў іх прадукты харчавання, матэрыялы... Лясы большыя ў нас, а туалетная папера нармальная і добрым коштам - украінская. Спецыі, крупы, гародніна-садавіна, мыла, парашкі, морапрадукты - усё ўкраінскае. Як кошты ўсяго гэтага зменяцца? Не ўпадуць адназначна. Ды і з валютай праблемы ўжо пачаліся».
Грузчык, супрацоўнік прыватнага прадпрыемства:
«Цяпер мне майго заробку ўжо не выстарчыць аплачваць здымнае жыллё праз тое, што рубель упаў. Нядаўна заробак паднімалі, але цяпер толку нуль - усё з'ела інфляцыя, у выніку зарабляю яшчэ менш».
Фрэзероўшчык, ААТ «Менскі Трактарны Завод»:
«Адчуваю, заўтра-паслязаўтра можна чакаць татальнага падзення рубля, непрацуючых банкаматаў, значнага павышэння коштаў. Карацей, заробак працоўных апынецца ў ж**е. Калі ў Расеі цяпер ужо п****ц, то Беларусі засталося пару дзён да таго ж…»