Bloomberg: ЗША разглядаюць эмбарга на расейскую нафту
- 7.03.2022, 14:15
Цяпер вывучаецца ўплыў гэтага кроку на ўнутраны рынак.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сур'ёзна разглядае варыянт эмбарга на нафту з Расеі без удзелу хаўруснікаў у Еўропе, цытуе Bloomberg «Люстэрка тыдня. Украіна».
Паводле інфармацыі выдання, у наш час вывучаецца ўплыў гэтага кроку на ўнутраны рынак.
Маштаб і тэрміны забароны расейскай нафты яшчэ не ўстаноўленыя. Крыніцы Bloomberg паведамляюць, што прадстаўнікі адміністрацыі ЗША абмяркоўваюць з хаўруснікамі магчымую забарону на імпарт расейскай нафты, а таксама працуюць над падрыхтоўкай да ўнутраных наступстваў.
Палата прадстаўнікоў ЗША разглядае «строгі закон», які можа забараніць імпарт нафты і энэрганосьбітаў з РФ сярод іншых крокаў, накіраваных на ізаляцыю Расеі ад сусветнай эканомікі. Пра гэта паведаміла спікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі.
Кошт нафты падняўся да $139 за барэль на таргах у Азіі, пасля таго як з'явілася інфармацыя, што адміністрацыя ЗША разглядае эмбарга на расейскую нафту.
Раней паведамлялася, што сенатары-рэспубліканцы Джэры Моран і Роджэр Маршал (Канзас) унеслі на разгляд праект аб адмове ад імпарту расейскай нафты. Пастанова звязаная з уварваннем Расеі ва Украіну.