У Гаазе сёння пачаўся Міжнародны крымінальны суд супраць РФ
- 7.03.2022, 12:25
Вызначаюцца далейшыя крокі для фіксацыі і ацэнкі злачынстваў.
У Гаазе сёння пачалося першае пасяджэнне Міжнароднага крымінальнага суда аб расследаванні ваенных злачынстваў Расеі, учыненых падчас агрэсіі супраць Украіны.
Пра гэта сябра Камітэта Вярхоўнай Рады ў нацыянальнай бяспецы, абароне і выведцы Фёдар Веніслаўскі паведаміў у эфіры тэлемарафону, піша unian.net.
"Сёння, мы ўжо ведаем, будзе першы крок, каб у рамках міжнароднай супольнасці даць прававую ацэнку ваенным злачынствам РФ. Ёсць некалькі паралельных працэсаў, якія могуць быць выкарыстаны як ацэнка злачынстваў Расеі і яе кіраўніцтва на тэрыторыі Украіны", — зазначыў дэпутат.
Ён нагадаў, што Міжнародны крымінальны суд вывучае менавіта ваенныя злачынствы.
"Сёння праходзіць першае пасяджэнне, каб пазначыць далейшыя крокі фіксацыі і ацэнкі злачынстваў, падрыхтоўкі да непасрэдна судовага пасяджэння. МКС кіруецца Рымскім статутам. На жаль, Украіна прызнала, што Рымскі статут не адпавядае Канстытуцыі. Цяпер Вярхоўная Рада, Офіс прэзідэнта, Мінюст працуюць над пакетам дакументаў, якія дазволяць вельмі хутка ратыфікаваць Рымскі статут", - растлумачыў Веніслаўскі.
Ён падкрэсліў, што ваенныя злачынствы не маюць тэрмінаў даўніны, і тыя, хто аддае злачынныя загады, і тыя, хто іх выконвае, будуць аб'ектамі пераследу на тэрыторыі кожнай краіны, якая ратыфікавала Рымскі статут (а гэта амаль усе краіны Еўропы і цывілізаванага свету).
"Вынік мы атрымаем на працягу некалькіх месяцаў, года, а то і некалькіх гадоў, бо гэта вельмі ўважлівая дзейнасць. Але мы атрымаем вынік у выглядзе канкрэтных прысудаў Міжнароднага крымінальнага суда аб ваенных злачынцах Расеі", - сказаў Веніслаўскі.