Тысячы пратэстоўцаў перад Белым домам патрабавалі засланіць неба над Украінай
- 7.03.2022, 10:49
Сярод іх - і беларусы.
Каля Белага дома прайшла маштабная акцыя за беспалётную зону над Украінай і ўзмацненне санкцый супраць Расеі, паведамляе "Укрінфарм".
На мітынг у Белы дом прыйшлі тысячы чалавек.
"На фоне разбуральных бамбаванняў цывільных тэрыторый, а таксама пагрозы ядзернага армагедона на Запарожскай АЭС з боку войскаў РФ украінская грамада і неабыякавыя хаўруснікі патрабуюць павялічыць дапамогу ЗША для Украіны", - заявілі арганізатары-мітынгоўцы - УККА, УНІС і United Help Ukraine.
Яны таксама звярнулі ўвагу на ўзмацненне гуманітарнага крызісу, які цяпер выходзіць за мяжу Украіны і распаўсюджваецца на іншыя еўрапейскія дзяржавы, што мае патрэбу ў неадкладным адказе.
Акцыя пад Белым домам стала працягам сэрыі маніфестацый, якія доўжацца ўжо другі тыдзень.
У нядзелю людзі выйшлі з плакатамі "Забяспечце беспалётную зону!", "Спыніце вайну ва Украіне!", "Засланіце наша неба!", "Падтрымайце Украіну!".