«Кухар Пуціна» напісаў заяву на губернатара Пецярбурга
- 13.11.2022, 17:40
У крамлёўскіх элітаў адкрытая грызня.
Расейскі бізнэсмэн, кіраўнік ПВК «Вагнера» і «кухар Пуціна» Яўген Прыгожын напісаў заявы ў ФСБ і Генпракуратуру з просьбай праверыць губернатара Санкт-Пецярбурга Аляксандра Бяглова паводле артыкуле аб дзяржздрадзе, паведамляе «Новая газета».
«Юрыдычная служба кампаніі “Канкорд” інфармуе, што сёння ў Генеральную пракуратуру РФ і Дэпартамент ваеннай контрвыведкі ФСБ Расеі Яўгенам Віктаравічам Прыгожыным была накіраваная заява з просьбай праверыць губернатара Санкт-Пецярбурга А.Д. Бяглова паводле артыкула 275 КК РФ (Дзяржаўная здрада)», – паведамілі ў кампаніі, дадаўшы, што дэталі заявы не выдаюцца.
У канцы кастрычніка Прыгожын напісаў заяву ў Генпракуратуру, у якой папрасіў праверыць Бяглова на дачыненне да стварэння арганізаванай злачыннай супольнасці (арт.210 КК), створанай з мэтай разрабавання дзяржбюджэту і ўзбагачэння карумпаваных чыноўнікаў, якія ўваходзяць у губернатарскае асяроддзе.
Раней Прыгожын гаварыў, што горад пазбаўлены інвестыцыйнай прывабнасці, таму што яго «ўзначальвае хеўра людзей, якія набіваюць кішэні і не трымаюць сваё слова». Паводле ягоных словаў, ягоная кампанія падпісала інвестыцыйнае пагадненне з Бягловым для ўладкавання тэрыторыі «Горская», аднак аб дакумент губернатар Пецярбурга «выцер ногі». У адміністрацыі горада абвінавачанні Прыгожына назвалі прыватным меркаваннем і спробай абараніць свае бізнэс-інтарэсы.