У Нямеччыну не пусцілі беларуску і расейца з пісталетам
- 13.11.2022, 16:42
Таксама ў іх не было дакументаў.
32-гадовага расейца і 24-гадовую беларуску не прапусцілі на мяжы Аўстрыі ў Нямеччыну. Нямецкая паліцыя знайшла ў іх кастэт і шумавы пісталет. Пра гэта паведамляе прэс-служба федэральнай паліцыі ў Мюнхене.
Спачатку паліцыю збянтэжыла, што ў пары не было неабходных дакументаў для ўезду ці знаходжанні ў Нямеччыне. Яны проста прад'явілі правы кіроўцы, выдадзеныя ў сваіх краінах.
Пры ператрусе аўтамабіля ў цэнтральнай кансолі знайшлі кастэт і не дазволены ў Нямеччыне шумавы пісталет. Расеец прызнаўся, што пісталет ягоны. Датычна мужчыны цяпер распачаты працэс наконт парушэння заканадаўства. А спадарожніцу падазраюць у спробе нелегальнага ўезду ў краіну.
На час разбору абое былі вернутыя ў Аўстрыю.