BE RU EN

Прафесар Чыкагскага ўніверсітэта: Грамадзянская вайна ў Расеі неўнікнёная

  • 13.11.2022, 22:45

Першыя, пакуль слоўныя, стрэлы ўжо чуваць.

Вайна з Украінай не проста забірае жыцці тысячаў людзей, спальвае вялізныя матэрыяльныя рэсурсы, знішчае сувязі паміж Расеяй і светам і разбурае маральныя каштоўнасці расейцаў. Тое, якім чынам Пуцін і ягоны ўрад вядуць гэтую вайну, закладвае – і ўжо заклала – падмурак для будучай грамадзянскай вайны. Пачнецца яна праз год ці праз два – не так важна. Важна, што яна з кожным днём становіцца ўсё больш неўнікнёнай, піша для «Новой газеты» прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Канстанцін Сонін

Але спачатку – няўжо ў Расеі магчымая грамадзянская вайна? Немагчымая, калі ўяўляць сабе нешта падобнае на грамадзянскую вайну 1918–1922 гадоў, калі Расейская імперыя распалася на дзясяткі дзяржаўных або квазідзяржаўных утварэнняў. Цяпер Расея на рэдкасць адзіная ў этнічным і моўным сэнсе. Меншасці сумарна складаюць невялікі адсотак насельніцтва. Шанец на самастойнае існаванне мае хіба што Чачэнская рэспубліка. Але нават аддзяленне Чачні – ці вайна за такое аддзяленне – не будзе паўнавартаснай грамадзянскай вайной. Проста таму што ўся Чачня – гэта 1% насельніцтва Расеі.

Так, грамадзянская вайна «рэгіён супраць рэгіёну» ў сучаснай Расеі практычна немагчымая. Аднак магчымая грамадзянская вайна іншага тыпу – такая, якая вялася ў 1990-я гады ў Краснаярску і Екацерынбургу, Кемераве і Нафтаюганску. Паміж рознага кшталту бандамі і прыватнымі і дзяржаўнымі праваахоўнымі структурамі. За доступ да фінансавых плыняў прамысловых і рэсурсных актываў. Толькі на гэты раз, у адрозненне ад 1990-х, у вайне будзе ўдзельнічаць значна больш людзей з ваенным досведам. І ўзброеныя яны будуць значна лепш.

Аднак рэзкі рост колькасці людзей з ваенным досведам і колькасці баявой зброі ў грамадзянаў – не адзіны чыннік, які падштурхоўвае да вайны. Яшчэ важней – гэта распад дзяржаўных інстытутаў, які назіраецца ўжо цяпер: з'яўленне прыватных войскаў, выведзеных з сістэмы Міністэрства абароны, удзел ФСБ, паліцыі і судоў у палітычных рэпрэсіях – у тым ліку і ў незаконных нават паводле цяперашніх расейскіх законаў, стварэнне ўзброеных фармаванняў, фармальна і рэальна падпарадкаваных рэгіянальным уладам і да т.п.

Усё гэта накладзецца на распаўсюджванне няспраўджаных абяцанняў – і матэрыяльных, і «маральных». Узброеныя людзі будуць спрабаваць захапіць офіс Газпрама не толькі таму, што ў іх ёсць зброя і досвед, але і таму, што яны не атрымаюць ранніх пенсій, дапамог у інваліднасці ці нават проста павагі і пашаны. Эканамічны крызіс, які змяніў дзесяцігадовую стагнацыю, толькі пачынаецца, але, вядома, у нейкі момант шчодрыя пенсіі і дапамогі былым вайскоўцам давядзецца перастаць плаціць. А не плаціць узброеным людзям небяспечна.

Першыя, пакуль слоўныя, стрэлы ў гэтай вайне ўжо чуваць. На мінулым тыдні многія медыя працытавалі адказы Яўгена Прыгожына, заснавальніка і кіраўніка ПВК Вагнер, якая вядзе цяпер ваенныя дзеянні на Данбасе. Пытанне, зададзенае прадусарам дзяржаўнай кампаніі RT, гучала так: «На ваш погляд, у чым прычына таго, што найбагацейшыя людзі краіны ігнаруюць ваенную сітуацыю, а часам і дапамагаюць супрацьлегламу боку?» Адказ Прыгожына: «Прычына ў беспакаранасці. Павінны быць уключаны вагары і механізмы татальнага "знішчэння" гэтых людзей як бізнэсмэнаў. У адносінах да іх тэрмінова патрэбныя сталінскія рэпрэсіі» (сам Прыгожын ужо падае прыклад: нядаўна тэлеграм-канал, афіляваны з ПВК «Вагнера», апублікаваў відэа жорсткага пакарання зняволенага Яўгена Нужына пры дапамозе кавадла – заўв. рэд.)

Самыя багатыя людзі Расеі – гэта не толькі некалькі алігархаў, якія засталіся з 1990-х. Гэта таксама і набліжаныя да Пуціна, кіраўніцтва найбуйнейшых дзяржкарпарацый – «Газпрама», «Раснафты», Расцеха, Ашчадбанка. Вядома, словы Прыгожына – пакуль гэта проста словы. Але, калі скончыцца вайна і скончацца бюджэтныя грошы, якія фінансуюць ваенныя аперацыі, Вагнер і іншыя ПВК будуць цалкам натуральнымі прэтэндэнтамі на кантроль за фінансавымі плынямі.

Здавалася б, які павінен быць адказ дзяржавы на прэтэнзіі былых вайскоўцаў на кантроль над фінансавымі і прамысловымі плынямі ці актывамі? Чалавек са зброяй у руках, які адбірае чужую ўласнасць – прыватную або дзяржаўную, – гэта злачынец. З ім павінны разбірацца праваахоўныя органы.

Але гэта яшчэ адно наступства вайны – не будзе праваахоўных органаў, здольных справіцца з звязамі пакрыўджаных вайскоўцаў і прыватнымі войскамі. Расгвардыя часткова разгромленая, часткова дэмаралізаваная. Рэпутацыя ФСБ падарваная і ў вачах эліты, і ў вачах грамадзянаў – яна горшая, чым была рэпутацыя савецкага КДБ у 1991-м годзе. А куды горш. Ніякія спецслужбы не могуць доўга абапірацца на сілу – калі не стане грошай на высокія заробкі, яна перастане працаваць як перастала працаваць у 1980-я. Як і ў 1990-я, паліцыянты, расгвардзейцы, супрацоўнікі спецслужбаў стануць проста ўдзельнікамі перадзелу ўласнасці нараўне з вайскоўцамі і крыміналам.

Тры складнікі ў будучай грамадзянскай вайны – нязбытныя абяцанні, прыватныя войскі і распад праваахоўных органаў. І ўсе тры ўжо падрыхтаваныя Пуціным.

Апошнія навіны