BE RU EN

Беларусы сталі больш вучыць ангельскую і польскую мовы

  • 13.11.2022, 15:39

Прычым кожны пяты хоча вучыцца анлайн.

Акрамя самай распаўсюджанай ангельскай мовы, высокі попыт назіраецца і на вывучэнне польскай. Такімі звесткамі з Myfin.by падзялілася Школа замежных моваў Streamline.

Попыт на замежныя мовы ўзрастае апошнія гады. Многім яны патрабуюцца для працы ці для бізнэсу – гэта адзін з самых папулярных матываў. Але ўсё больш і тых, хто хоча вольна размаўляць падчас падарожжаў. Некаторыя рыхтуюцца да здачы іспытаў, накшталт TOEFL ці IELTS. Асабліва актыўная моладзь, кола зносінаў якой часта не абмежаванае аднагодкамі з адной краіны. Але расце і дзель старэйшых вучняў. Традыцыйна часта запісваюцца «айцішнікі».

Самай папулярнай мовай застаецца ангельская розных узроўняў – ажно да С1. Запатрабаваныя і мовы краінаў Усходняй Еўропы, асабліва польская і чэшская. Таксама многія хочуць загаварыць па-нямецку і па-французску. Высокую цікавасць уяўляюць іспанская і італьянская.

Большасць вучняў у Менску аддае перавагу навучальным класам. На анлайн-навучанне запісваецца кожны пяты. З пачатку пандэміі ягоная дзель няўхільна расце, але ўжо не так хутка. Асабістыя зносіны з выкладнікам і аднагрупнікамі пакуль запатрабаваныя больш за хатнія заняткі.

Хутчэй за ўсё расце папулярнасць экспрэс-курсаў, якія дазваляюць нават пачаткоўцам больш-менш вольна размаўляць на простыя тэмы ўжо праз 3-4 месяцы. Калі ў звычайным рэжыме семестр асвойваюць за 8 тыдняў, то пры інтэнсіве на гэта патрабуецца крыху больш за месяц.

«Мы бачым, што ўсё больш людзей хочуць хутчэй асвоіць замежную мову. Многія ўсведамляюць, што гэта пашырыць іх магчымасці для зносінаў, навучання, працы і вядзення бізнэсу. Мы хочам дапамагчы ім і таму актыўна развіваем экспрэс-курсы, якія дазваляюць дамагчыся мэты за максімальна кароткія тэрміны», – тлумачаць у Школе замежных моваў.

Беларусы выдаткоўваюць на навучальныя курсы ў сярэднім да 100 рублёў за месяц. Семестр навучання замежным мовам у Менску каштуе ад 336 рублёў для дарослых і ад 224 рублёў для дзяцей. Экспрэс-заняткі абыдуцца даражэй, бо ў іх уключана больш урокаў, кошты тут стартуюць ад 440 рублёў за семестр.

Апошнія навіны