BE RU EN

Бабчанка: Параіў бы Кадыраву і Прыгожыну ўжо цяпер расстраляць Пуціна

  • 13.11.2022, 15:12

Хто раней устаў – таго і тапкі.

Журналіст Аркадзь Бабчанка расказаў пра тое, чаму ў вайне супраць Расеі Украіне трэба рыхтавацца да марафону.

– Трэба прызнаць, што ў эканамічным плане Расея знаходзіцца ў больш выгадных умовах, чым Украіна. Запас трываласці ў іх большы, – сказаў Бабчанка ў інтэрв'ю Раману Цымбалюку. – У прынцыпе яны могуць знаходзіцца на самазабеспячэнні. Расея можа сябе поўнасцю забяспечваць усім, акрамя высокіх тэхналогій.

Гэты рэжым можа існаваць дзесяцігоддзямі. Мой любімы прыклад – Ісламская рэвалюцыя ў Іране 1979 года. Іран 40 гадоў знаходзіцца пад поўнымі санкцыямі, у тым ліку нафтавае эмбарга. І ўсё роўна рэжым устойлівы.

Выснова Бабчанкі пра магчымую даўжыню канфлікту паміж Расеяй і Украінай: «Уся гэтая бадзяга надоўга».

– Пуціну 70 гадоў, для свайго ўзросту ён у выдатнай фізічнай форме. Усе гэтыя сцвярджэнні, што ў яго адна рука карацейшая, а другая даўжэйшая, што на ім заўважылі трупныя плямы – я ўсю гэтую ахінею ад прафесара Салаўя (палітолага Валерыя Салаўя – рэд.) чую гадоў дваццаць. Раніцай ён прачынаецца і гаворыць, што Пуцін сёння памрэ, ён невылечна хворы. Але Пуцін жыве і жыве, і, напэўна, гадоў дзесяць яшчэ праліпіць.

Таму толькі з пуцінскай Расеяй мы будзем існаваць гадамі. Але пытанне яшчэ ў тым, хто прыйдзе пасля яго. Зразумела, што ніякага Навальнага ці лібералізму пасля Пуціна не будзе.

Я параіў бы Кадыраву і Прыгожыну ўжо цяпер аб'яднацца, расстраляць Пуціна ў іпацьеўскім доме і зладзіць рэвалюцыю. Хто раней устаў – таго і тапкі, – заявіў Бабчанка, мяркуючы, што «Пуцін не ёсць самае страшнае» і пасля яго на чале Расеі можа ўстаць яшчэ больш фанатычны кіраўнік.

Журналіст прадоўжыў тлумачыць, чаму супрацьстаянне з Расеяй можа задоўжыцца:

– Свету, каб кампенсаваць колькасць нафты, якая пастаўляецца з Расеі, трэба блізу трох гадоў. З газам прасцей, але і яго Расея пакуль пастаўляе.

Асобны «дзякуй» за гэта скажам «зялёным», якія дзесяцігоддзямі бегалі і зачынялі ў Нямеччыне атамныя станцыі. Высветлілася, што калі няма атамных станцый, нафты, газу і вугалю, то энэргію браць няма адкуль. Цалкам закрыць усё «зялёнай энэргіяй» немагчыма.

Таму Нямеччына апынулася цалкам падсаджаная на расейскую нафтавую іголку, яны будуць з яе злазіць, але гэта зойме год. Але цяпер Расея за дзень марнуе на вайну паўмільярда, а за кошт продажу вуглевадародаў атрымлівае амаль мільярд.

Расея будзе ўваходзіць у стагнацыю эканомікі, але абрушэння не адбудзецца. А ў стане стагнацыі гэтая краіна жыве стагоддзямі. Каб пачаліся галодныя бунты, ім трэба 70 гадоў азадак выціраць газетай «Праўда».

Бабчанка мяркуе, што з эканамічнай сітуацыяй ва Украіне «будзе горш» і «вайна ёй будзе каштаваць вельмі дорага».

– Украіне трэба рыхтавацца да марафону, і такая зіма можа быць не апошняй, – папярэджвае журналіст.

Ён таксама не выключае, што «гадоў праз пяць» Расея зноў распачне вайну і новы наступ на Кіеў. З аднаго боку будзе ўкраінскае войска з якаснай зброяй, з другога расейскае – з колькасцю.

Апошнія навіны