Херсон трэці дзень масава святкуе вызваленне
- 13.11.2022, 21:03
Цэнтр горада перапоўнены людзьмі з украінскімі сцягамі.
У Херсоне трэці дзень святкуюць вызваленне ад расейскіх захопнікаў. Цэнтр горада перапоўнены, людзі прыходзяць з плакатамі ў падтрымку ўкраінскіх абаронцаў і скандуюць патрыятычныя лозунгі.
Сваімі эмоцыямі херсонцы падзяліліся з журналістамі «Ваеннай тэлевізіі Украіны». Яны прызнаюцца, што ўсе восем месяцаў акупацыі чакалі Узброеныя сілы Украіны і не страчвалі надзеі.
«Так страшна было ўсе 8 месяцаў, я думала, звар'яцеем. Мы так радуемся. Дзякуй вам, нізкі вам паклон», «Спадзяваліся, чакалі з 24 лютага, надзеі не страчвалі, ведалі, што вы прыйдзеце. Учора (дзень вызвалення, 11 лістапада. – Рэд.) быў самы шчаслівы дзень у нашым жыцці», – кажуць людзі.
У Міністэрстве абароны Украіны запэўнілі, што Сілы абароны прадаўжаюць змагацца за кожны лапік украінскай зямлі і ў выніку атрымаюць перамогу.
«Херсон – Украіна! Горад чакаў вызвольнікаў доўгіх 8 месяцаў. Дачакаўся! Украінскія сцягі, слёзы шчасця і патрыятычныя лозунгі – людзі вітаюць сваіх Герояў!» – пракаментавалі ва ўстанове.