Пуцін ведае, што зняславіўся
- 13.11.2022, 11:23
Стратэгічны пералом у вайне адбыўся.
Злом у вайне РФ супраць Украіны, які прадказвалі многія вайсковыя экспэрты, адбыўся. Ён стаў відавочны, калі войска Украіны прымусіла збегчы расейскіх акупантаў з Херсона.
Пра гэта расказаў вядомы расейскі палітолаг Валерый Салавей у інтэрв'ю Аляксандру Плюшчаву на яго канале ў YouTube.
«Памятаеце, мы шмат разоў казалі, што на мяжы жніўня-верасня пачаўся стратэгічны пералом, што ва ўкраінскага боку з'явіўся шанец перахапіць стратэгічную ініцыятыву? Я ведаю проста рэакцыю расейскага боку і магу ўпэўнена сказаць, што ўчора і сёння гэты пералом адбыўся», - заявіў Салавей.
Тое, што адбываецца, ён назваў «каласальнай паразай» дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна не толькі ў ваенным сэнсе, але яшчэ і ў палітычным, і маральным.
Крамлёўскія эліты менавіта так успрынялі ўцёкі УС РФ з Херсона. «Ён (Пуцін - рэд.) ведае, што зганьбіўся. Гэта адна з прычын, з якой ён не паедзе на саміт G20. Ён ведае, што ён зазнае там астракізм, менавіта публічны. New York Times добра напісала, што гэта публічнае і асабістае прыніжэнне асабіста Пуціна. Гэта насамрэч так. Ён ужо зазнаў астракізм у Самаркандзе. І цяпер гэта будзе ўзмацняцца. Усе бачаць, што той міф, які ён фармаваў (самы страшны чалавек свету, самы ўплывовы, самы брутальны), усё гэта развеялася. Для расейскага істэблішменту ўсё гэта таксама развеялася, ён страціў веру ў шанцаванне Пуціна», - канстатаваў расейскі палітолаг.