BE RU EN

Расейскія прапагандысты панікуюць пасля здачы Херсона

  • 13.11.2022, 10:38

На крамлёўскай тэлевізіі абураюцца і шукаюць «прычыны».

Здаць Херсон і дазволіць узброеным сілам Украіны вярнуць кантроль над горадам і практычна ўсёй вобласцю - пастанова складаная. Прынамсі, цяжка пра гэта даводзіцца казаць расейскім уладам і прапагандыстам, якія яшчэ ў канцы верасня радаваліся Пуцінскаму псэўдарэферэндуму і з упэўненасцю сцвярджалі, што Расея тут назаўжды.

«Раней мы ўжо бачылі, як прапаганда з сумам распавядае пра ўцёкі расейскіх войскаў з Херсона. Хтосьці называў гэтую пастанову вымушанай, хтосьці казаў, што Суравікін і Шайгу «здзейснілі гераічны подзвіг», ратуючы жыцці тысяч расейскіх вайскоўцаў», — паведамляе «Белсат».

Расейскі прапагандыст і тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў заявіў, што пастанова Суравікіна аб вывадзе расейскіх войскаў з Херсона - чалавечы подзвіг.

Але калі факт здачы горада выклікаў у прапагандыстаў сум і шкадаванне, то відэа з уваходам украінскіх войскаў у Херсон многіх моцна раззлавала.

У сваім тэлеграм-канале Салаўёў падзяліўся допісам Сяргея Карнавухава, якому, відаць, не вельмі спадабаліся кадры радасных украінцаў з вызваленага Херсона.

«Усе гэтыя бравады ўкраінцаў, духапад'ёмныя кадры з узняццем сцягоў і мясцовага насельніцтва, які ў жаху сустракае сваіх катаў, усё гэта толькі вонкавая дрыготка і курчы ад будучага знішчэння нацыстаў. Наперадзе складаны, цяжкі, непрадказальны час. Мы ўбачым генеральную бітву з нэафашызмам. Мы з ім скончым. Свет назаўжды зменіцца», – напісаў Карнавухаў.

У той час, як у Расеі працягваюць шукаць прычыны і наступствы таго, чаму ўкраінскія сцягі вярнуліся ў Херсон, а расейскаму войску давялося бегчы на іншы бераг Дняпра, жыхары горада і вобласці радасна сустракаюць байцоў УСУ, а ўся Украіна святкуе доўгачаканае вызваленне Херсона ад расейскай акупацыі.

Апошнія навіны