BE RU EN

«Мне падалося, што вайсковыя камісары наогул як зомбі»

  • 13.11.2022, 9:30

Беларусы, якія нядаўна вярнуліся з вайсковых збораў, падзяліліся ўражаннямі.

Выданне «Флагшток» на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з двума вайсковаабавязанымі гамельчукамі, якія ўвосень пабывалі на вайсковых зборах. Адзін - у войсках Сіл спецыяльных аперацый, другі - на мабілізацыйных вучэннях.

Аляксандр (імя змененае) - жыхар райцэнтра Гомельскай вобласці. Ён атрымаў позву на зборы ў пачатку кастрычніка і праходзіў іх цягам двух тыдняў у войсках Сіл спецыяльных аперацый.

- На гэты момант вайсковыя зборы не маюць вялікай масавасці. Зыходзячы з таго, што Сілы спецыяльных аперацый яшчэ ні разу не рабілі збораў, гэта быў іх эксперымент, на якім яны трэніраваліся. Яны забіралі прадстаўнікоў розных спецыяльнасцяў: нехта перавучваўся на іншую ВУС [вайскова-ўліковая спецыяльнасць], а нехта (хто застаўся на штатных пасадах) аднаўляў страчаныя навыкі, — расказаў мужчына.

Я не заўважыў, каб вялася падрыхтоўка да канкрэтных дзеянняў. Гэта была класічная праца па метадычках СССР, нейкай вузканакіраванай падрыхтоўкі не было. Адзіная асаблівасць - трэба было ўкласціся ў перыяд збораў, таму некаторыя моманты (агнявая падрыхтоўка, да прыкладу) у нас былі ў шчыльным графіку.

Палітрукі, на здзіўленне, ні на што не настройвалі, тым [рэзервістам], хто казаў, што іх адправяць у паўднёва-ўсходнюю частку Беларусі, адказвалі: «Гэта не наша вайна».

Праз тое, што такіх кароткіх збораў раней не праводзілася, былі вельмі вялікія праблемы з матэрыяльным забеспячэннем, хлопцы праз некалькі дзён хадзілі з мазалямі, нехта да крыві сціраўся. Рады зборам адназначна ніхто не быў: нехта прапусціў магчымасць зарабіць, нехта чакае, калі народзіцца яго дзіця».

Уладзіміра (імя змененае) выклікалі на некалькі дзён на мабілізацыйныя вучэнні ад буйнога прадпрыемства Гомеля.

- У нас мабілізацыйныя вучэнні праводзіліся не масавыя. Прыязджалі вайсковыя камісары з усёй вобласці, праводзілі нешта кшталту канферэнцыі. Часта рабілі ўпор, што гэта не мабілізацыя, а вучэнні, каб не хаваліся, а калі будуць хавацца, будзе толькі горш, - распавядае мужчына. - Вайну каментавалі ў такім плане - маўляў ім [украінцам] там нясоладка, але калі да нас сунуцца, будзе яшчэ горш. Часта казалі словамі прапагандыстаў аб Украіне і ўвогуле палітыцы ў краіне. Мне ўвогуле падалося, што яны як зомбі! Яны ніяк не тлумачылі, навошта гэта, проста ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася, але на саміх вучэннях тэма Украіны ўвесь час праслізгвала.

Саслужыўцы тэму Украіны асабліва не ўздымалі, у вольны час жартавалі, глядзелі прыколы, гулялі ў гульні, а ўвогуле склалася ўражанне, што большасць актыўна імкнецца выконваць свае функцыі.

Абодва суразмоўцы «Флагштока» адзначылі, што камандзіры паведамлялі ім, што ў канцы лістапада-снежні 2022 года плануюцца масавыя вучэнні.

- Як нам тлумачылі, зборы праводзяцца, каб быць гатовымі ва ўсякі момант арганізаваць мабілізацыю. Магчыма, гэта падрыхтоўка да яе пачатку. У канцы года плануюцца яшчэ вучэнні. І яны ўжо будуць не паказальнымі, а масавымі, - адзначыў Аляксандр.

- У нас проста сказалі, што будуць праводзіцца вучэнні па мабілізацыі (ці гэта будзе пачатак мабілізацыі) з поўным працоўным днём у канцы лістапада - пачатку снежня, - дадаў Уладзімір. - Першапачаткова, калі нас збіралі для паказальнай мабілізацыі, нам нічога не казалі пра гэтыя вучэнні.

Між тым, у Менскай вобласці і Менску з 13 лістапада да 30 снежня пройдзе кантрольнае апавяшчэнне вайсковаабавязаных і кантрольны прыход на пункты збору. Зыходзячы з паведамленняў дзяржаўных раённых газет, у лістападзе і снежні такія зверкі пройдуць у Берасцейскай, Магілёўскай, Гарадзенскай і Гомельскай абласцях.

Апошнія навіны