Мінабароны Брытаніі расказала, як расейская падлодка сутыкнулася з брытанскім фрэгатам
- 7.01.2022, 11:27
У апошнія гады актыўнасць расейскага флоту ўзрасла.
Сутыкненне адбылося ў Атлантычным акіяне ў 2020 годзе і патрапіла на камеры тэлегрупы, якая здымала на судне "Нартамбэрлэнд" сюжэт пра жыццё экіпажа, піша BBC.
Фрэгат каралеўскага флота "Нартамбэрлэнд" адсочваў расейскую падводную лодку, калі раптам яна закранула трос санару - гідралакатара, які дазваляе неўпрыкмет выяўляць субмарыны. Карабель цягнуў яго за сабой на буксіры.
Усё гэта адбылося ў 2020 годзе, і, са слоў крыніцы ў брытанскім мінабароны, сутыкненне, магчыма было выпадковым.
Перад сутыкненнем фрэгат заўважыў падводную лодку з дапамогай гідралакатара, пасля чаго экіпаж убачыў над паверхняй вады перыскоп, які хутка знік.
Потым адбылося сутыкненне. На відэазапісе чуваць, як брытанскі марак крычыць: “Што гэта, халера на яго, такое?”
Ці была неяк пашкоджана расейская падлодка, невядома, але “Нортамбэрлэнду” давялося вярнуцца ў порт, каб замяніць пашкоджаны гідралакатар.
У апошнія гады актыўнасць расейскіх падводных лодак узрасла.
“Каралеўскі флот рэгулярна адсочвае перамяшчэнне замежных караблёў для абароны Злучанага Каралеўства”, - заявілі ў мінабароны.