BE RU EN

Кіроўцы, якія працуюць у Еўропе, каб не быць заблакаванымі, не вяртаюцца ў Беларусь

  • 1.06.2021, 20:25

Выехаць наземным транспартам з Беларусі на працу цяпер можна не часцей, чым раз на шэсць месяцаў.

Пасля таго як авіяперавознікі еўрапейскіх краінаў перасталі лётаць у Беларусь і заблакавалі сваю паветраную прастору для «Белавія», беларусы, якія працуюць за мяжой, апынуліся ў складанай сітуацыі. Выехаць наземным транспартам з Беларусі на працу цяпер можна не часцей, чым 1 раз на 6 месяцаў. Таму кіроўцы грузавікоў проста не вяртаюцца дадому – расказваюць «Белсату» людзі, якія працуюць у краінах ЕЗ.

Жыхар Берасцейшчыны Віталь не першы год працуе ў Польшчы кіроўцам грузавіка. Пасля ўвядзення абмежаванняў на выезд з Беларусі 46-гадовы мужчына спрабаваў вяртацца дадому раз на 6 месяцаў, каб не было праблемаў з праходжаннем мяжы. А пасля таго, як да абмежаванняў на наземны транспарт дадалося блакаванне авіязносінаў, Віталь пастанавіў застацца ў Польшчы.

«Нягледзячы на ўсе складанасці і праблемы, я адчуваю сябе проста цудоўна. Я выехаў з Беларусі ў сакавіку, і мне здаецца, што ўжо я і не вярнуся. Вось сёння размаўляў з дырэктарам фірмы, у якой працую. Ён, дарэчы, не толькі дырэктар, але таксама працуе за стырном, як і звычайны кіроўца. Дык вось, у Беларусі сёння мяне практычна нічога не трымае, я проста не бачу сэнсу туды вяртацца. Дырэктар фірмы паабяцаў дапамагчы сабраць дакументы, каб зрабіць від на жыхарства ў Польшчы. У мяне віза скончыцца 27 жніўня, я планаваў на месяц прыехаць у Беларусь, каб рабіць візу, але пасля апошніх падзей пастанавіў проста не вяртацца, а рабіць часовы від на жыхарства», – расказаў «Белсату» Віталь.

Пры гэтым мужчына прызнаецца, што найбольшая складанасць – немагчымасць бачыць пажылых бацькоў, якія засталіся ў Беларусі.

«У мяне сын некалькі гадоў таму паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт і цяпер вучыцца ў Польшчы. Я заўважыў, што ў яго таксама няма асаблівага жадання вяртацца ў Беларусь. Жонка пакуль у Берасці, але яна нядаўна атрымала двухгадовую бізнэс-візу і зможа без праблемаў прыязджаць да нас».

ПОЛЬСКАЯ ТРАСА А1, АЛЕ АСАЦЫЯЦЫІ З БЕЛАРУССЮ ЗАСТАЮЦЦА. ФОТА ПРАПАНАВАЎ БЕЛСАТ

Яшчэ ў пачатку года Віталь надумаў уладкавацца кіроўцам у польскую фірму. Ён кажа, што ягоны заробак меншы, чым у тых, хто працуе ў заходнееўрапейскіх фірмах.

«Скажу шчыра, што адчуваю сябе ў Польшчы практычна як дома. Мне здаецца, калі б не Польшча, то я не ведаю, куды б мы, беларусы, падзеліся б цяпер. Рэч у тым, што культура Беларусі і Польшчы вельмі падобная, мовы падобныя. Я не хачу ехаць у Нямеччыну, там жа ўсё на самай справе чужое і незразумелае. Вядома, ёсць розніца і паміж Беларуссю і Польшчай. Але да гэтага прасцей прыстасавацца, чым да той вялізнай непадобнасці, што ў нас існуе з Літвой, Латвіяй, Чэхіяй ці Славакіяй. Менталітэт у нас з палякамі вельмі падобны. Да таго ж усё часцей беларусы не хочуць ехаць у Расею. Там цяпер сітуацыя амаль аналагічная беларускай. Таму цяпер найбольш прымальная краіна, куды можна паехаць працаваць, – Польшча», – кажа Віталь.

Кіроўцы баяцца вяртацца дадому

Абмежаванне на выезд за мяжу наземным транспартам, а таксама скасаванне многіх авіярэйсаў прывялі да таго, што многія кіроўцы, якія працуюць у краінах ЕЗ, адмовіліся ад вяртання ў Беларусь.

«На мінулым тыдні было некалькі заказаў на тое, каб прывезці з Польшчы ў Берасце кіроўцаў грузавікоў, якія адпрацавалі вахтай у краінах Еўропы. Я дабраўся да Бялай Падляскай. Якраз у той момант і з'явілася паведамленне пра закрыццё паветранай прасторы і скасаванне авіярэйсаў. У выніку назад я вяртаўся пусты, бо кіроўцы прынялі проста на месцы пастанову застацца за мяжой, каб не быць заблакаванымі ў Беларусі», – расказаў «Белсату» Мікалай, кіроўца пасажырскага мікрааўтобуса з Берасця.

Паводле словаў Мікалая, людзі, якія працуюць у Еўропе, звяртаюцца да яго даволі часта з просьбай перадаць грошы ў Беларусь родным, але самі ўсё больш абмяжоўваюць свае паездкі дадому.

Вымушаная міграцыя

Эканаміст Зміцер Бабіцкі раней у размове з «Белсатам» казаў, што ў Беларусі на міжнародных перавозах грузу задзейнічаныя блізу 20 тысячаў кіроўцаў. А вось за межамі Беларусі на замежныя кампаніі працуе блізу 50 тысячаў кіроўцаў. Эканаміст мяркуе, што дадатковыя абмежаванні і палітычны крызіс могуць прывесці да таго, што многія кіроўцы з'едуць з Беларусі.

«Міграцыя цалкам магчымая. Заробак памерам дзве-тры тысячы еўраў дастатковы для польскай або літоўскай правінцыі, каб добра жыць. Трэба разумець, што там зусім інакш працуюць і іншыя чыннікі. Тая самая іпатэка пад даволі нізкі адсотак. У выніку беларусу прасцей набыць кватэру ў Беластоку, чым у Беларусі. Таму ў цэлым тут некалькі чыннікаў. Асабліва калі з'язджаюць знаёмыя і наладжваецца кантакт на асабістых сувязях. Таму людзям прасцей з'ехаць, і яны з'язджаюць больш актыўна», – кажа эканаміст Зміцер Бабіцкі.

Адзіны шлях у Еўропу – праз Расею

Звычайна беларускія кіроўцы працуюць у краінах ЕЗ два месяцы і потым месяц адпачываюць дома. Сапраўды, хто баіцца застацца заблакаваным у Беларусі, не вяртаецца з Еўропы. Але, як кажа Віталь, ягоныя знаёмыя і калегі, якія працуюць кіроўцамі ў Еўропе, спачатку едуць у Расею, а адтуль ужо самалётам дабіраюцца ў краіны ЕЗ. Можна вылецець з Санкт-Пецярбурга, з Масквы.

«Таму тут асаблівых праблемаў для кіроўцаў няма. Хіба што стала даражэй і трохі больш часу», – падсумоўвае Віталь.

Апошнія навіны