Сойм Польшчы прыняў рэзалюцыю пра пераслед палякаў у Беларусі
- 30.03.2021, 21:23
Польскі Сойм заклікаў міжнародную супольнасць рашуча адрэагаваць на незаконныя дзеянні беларускага рэжыму.
Польскі сойм прыняў рэзалюцыю пра пераслед палякаў у Беларусі. У ёй палата выказала салідарнасць з затрыманымі і рэпрэсаванымі суайчыннікамі, у тым ліку з Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам, і запатрабавала іх неадкладнага вызвалення і спынення ўсіх рэпрэсій супраць іх, паведамляе «Польскае радыё».
Тэкст пастановы зачытаў намеснік старшыні Сойма Рышард Цярлецкі:
- Сойм Рэспублікі Польшча выступае супраць любога недэмакратычнага ўмяшання ў дзейнасць арганізацый польскай меншасці, асабліва Саюза палякаў у Беларусі.
У пастанове гаворыцца, што дзеянні беларускіх уладаў відавочна супярэчаць міжнародным абавязанням Беларусі ў галіне абароны нацыянальных меншасцяў і двухбаковых польска-беларускіх пагадненняў аб абароне польскай меншасці, нагнятаюць напружанасць і паглыбляюць самаізаляцыю краіны ў міжнароднай супольнасці, а таксама ўскладняюць вяртанне да нармальных кантактаў краіны з суседняй Польшчай.
У той жа час Сойм заклікаў міжнародную супольнасць салідарна і рашуча адрэагаваць на незаконныя дзеянні беларускіх уладаў.