Лукашэнка завёз у Беларусь больш за дзесяць тысяч мігрантаў
- 21.11.2021, 19:00
Аб гэтым паведаміў прэм'ер Польшчы.
Больш за дзесяць тысяч мігрантаў, якія маюць намер трапіць у Еўрапейскі Звяз, застаюцца на тэрыторыі Беларусі, заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі пасля сустрэчы з прэм'ер-міністрам Латвіі Крыш'янісам Карыньшам у нядзелю ў Рызе.
Раней паведамлялася, што з Беларусі ў Ірак былі эвакуяваны 430 грамадзян гэтай краіны.
«Некалькі тысяч чалавек, увогуле больш за дзесяць тысяч чалавек, па-ранейшаму застаюцца на тэрыторыі Беларусі», - сказаў Маравецкі.
Ён падкрэсліў, што людзі, якія скарысталіся магчымасцю вярнуцца на радзіму, - гэта «тыя, хто бачыць безнадзейнасць гэтай сітуацыі, бачаць, што іх падмануў рэжым Лукашэнкі і кантрабандысты».
Таксама Маравецкі паведаміў, што польскія ўлады ад пачатку памежнага крызісу затрымалі амаль 400 чалавек, залучаных у кантрабанду людзей. «Гэта асобы розных нацыянальнасцей, у тым ліку заходнееўрапейскіх, блізкаўсходніх. Відаць, што міжнародная мафія ўдзельнічае ў дапамозе Лукашэнку ў выкарыстанні гэтых няшчасных людзей у палітычным крызісе на мяжы», - сказаў ён.