Саакашвілі пачаў выхад з галадоўкі ў вайсковым шпіталі
- 21.11.2021, 17:01
Экс-прэзідэнт Грузіі пасля 50-дзённай галадоўкі пачаў прымаць ежу паводле прапісанай схемы.
Зняволены экс-прэзідэнт Грузіі і грамадзянін Украіны Міхаіл Саакашвілі пачаў выхад з галадоўкі пасля таго, як яго перавялі ў вайсковы шпіталь у Горы. Услед за ім скончылі пратэст апазіцыйныя палітыкі, якія наважылі галадаць разам з Саакашвілі.
Пра гэта паведамляе «Рэха Каўказа».
Саакашвілі на рэанімабілі перавезлі са шпіталя пры турме ў Гладзе ў шпіталь у Горы, за 80 км ад Тбілісі, у ноч на 20 лістапада. Як піша «Грузія Онлайн», для перавозкі сфармавалі аўтакалону з двух аўтамабіляў «хуткай» і блізу дзясятка аўтамабіляў праваахоўных органаў. Дарога прадаўжалася амаль гадзіну, абышлося без інцыдэнтаў.
На вокнах флігеля, дзе размясцілі Саакашвілі, усталявалі рашотку, а ўваходы ў шпіталь узмацнілі паліцыяй.
Са слоў ягонага лекара Нікалоза Кіпшыдзэ, стан Саакашвілі, які знаходзіцца ў палаце інтэнсіўнай тэрапіі, цяжкі, але стабільны. Ён сказаў, што давярае лекарам шпіталя і ведае іх як дасведчаных спецыялістаў.
Лекарка Ніно Шарашэнідзэ, якая ўваходзіць у кансіліум, створаны для маніторынгу стану экс-прэзідэнта, паведаміла, што Саакашвілі прымае ежу паводле прапісанай схемы, да працэсу лячэння прыцягнутыя таксама медыкі Рэспубліканскай лякарні. «Як вядома, выхад з галадавання з'яўляецца складаным працэсам і мае патрэбу ў дасканалым маніторынгу. Таму ёсць падрабязна распісаны рэжым харчавання і ён будзе старанна выконвацца», - расказала яна. Лекарка дадала, што стан здароўя экс-прэзідэнта «цалкам кантраляваны» і з часам усе паказчыкі павінны палепшыцца.
Адвакат экс-прэзідэнта Ніка Гварамія распавёў, што задаволены тым, як адбыўся перавод у шпіталь. «Мы максімальна ўцягнутыя ў працэс, цалкам давяраем мясцовым лекарам, але хочам, каб дакладны пратакол лячэння складаўся разам са староннімі экспэртамі. Так ён пройдзе паўнацэнны, правільны курс лячэння і рэабілітацыі», - сказаў Гварамія пасля наведвання Саакашвілі.
Пасля пераводу Саакашвілі ў шпіталь спынілі галадоўку іншыя апазіцыйныя палітыкі, якія звярнуліся да такой формы пратэсту ў ягоную падтрымку - лідар партыі «Дроа» Эленэ Хаштарыя, якая галадала 17 дзён, і дзевяць дэпутатаў «Адзінага нацыянальнага руху». Яны адзначылі, што прадоўжаць далейшую барацьбу за вызваленне Саакашвілі іншымі метадамі.