Еўразвяз павіншаваў Украіну з Днём годнасці і свабоды
- 21.11.2021, 15:07
Еўрамайдан стаў для краіны вызначальным момантам развіцця нацыі.
Прадстаўніцтва Еўрапейскага Звязу ва Украіне ў сваім Twitter павіншавала Украіну з Днём годнасці і свабоды.
"Сёння ў Дзень годнасці і свабоды Украіна адзначае гістарычныя падзеі – увасабленне высокіх імкненняў украінцаў да дэмакратыі і свабодаў, калі Еўрамайдан стаў вызначальным момантам развіцця нацыі", – гаворыцца ў паведамленні.
Прадстаўніцтва адзначае, што ЕЗ прызнае еўрапейскія імкненні Украіны і ўшаноўвае ўсіх, хто змагаўся за іх.
Сёння ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і свабоды. Яго заснавалі ў 2014 годзе ў гонар пачатку дзвюх рэвалюцый – Аранжавай рэвалюцыі (2004 год) і Рэвалюцыі годнасці (2013-2014 гады).
21 лістапада 2013 года ў Кіеве праз адмову ўрада падпісаць Дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам пачаўся мітынг на Майдане, які перарос у масавыя пратэсты па ўсёй краіне. Пратэстоўцам супрацьстаялі праваахоўныя органы і нанятыя ўладамі ўзброеныя бандыты (цітушкі).
Паводле словаў пятага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, у выніку трагічных падзей 18–20 лютага 2014 года загінулі 107 чалавек. Скончыўся Еўрамайдан у канцы лютага 2014 года ўцёкамі тагачаснага прэзідэнта Віктара Януковіча ў Расею.