«Беларусы прывезлі нас на мяжу на вайсковых грузавіках»
- 21.11.2021, 13:45
Літоўскія СМІ апублікавалі відэа з мігрантам з Іракскага Курдыстана.
Відэа з мігрантам, які называецца грамадзянінам Ірака, публікуе літоўскі партал Delfi. Усяго, як піша выданне, каля мяжы ў Шальчынінкайскім раёне размясцілася група з 13 чалавек.
Гурт сядзіць ля вогнішча на беларускім баку (мяркуючы з відэа, гэта "нейтральная тэрыторыя". – рэд.). За іхнімі спінамі – узброеныя аўтаматамі беларускія сілавікі з закрытымі балаклавамі тварамі. Калі мігрант пачынае размаўляць з журналісткай, адзін з сілавікоў падыходзіць бліжэй і здымае ўсё на тэлефон.
Мігрант расказвае, што яны з іракскага Курдыстана. На мяжы ўжо 10 дзён, іх сюды прывезлі з Менска. Ён сцвярджае, што яны ўжо хацелі б вярнуцца дадому, але беларускія памежнікі не даюць ім гэтага зрабіць.
– Яны ўсюды ідуць за намі. Мы спрабавалі вярнуцца назад, але яны вяртаюць нас сюды.
– Як вас сюды прывезлі?
– На ваенных грузавіках. У нас былі дзейныя візы.
– Яны ўжывалі сілу?
– Вядома так.
– Раскажыце падрабязней.
– Выбачце, але не магу, не магу казаць пра гэтую сітуацыю.
– Чаму ўвогуле вы прыехалі ў Беларусь?
– Усе сюды ехалі, таму што абяцалі, што Еўропа ўсіх прыме, легальна, што можна будзе легальна перайсці мяжу.
Мігрант таксама расказаў, што за квіткі на самалёт і візу яны заплацілі ад 3500 да 4000 даляраў. Цяпер яны чакаюць дапамогі ад іракскай амбасады ў Маскве, нумар ім далі літоўскія памежнікі.
Напрыканцы журналістка цікавіцца, адкуль мужчына так добра ведае ангельскую. Ён адказвае, што скончыў магістратуру юрыдычнага факультэта.
– Калі вы вернецеся ў Ірак, вы раскажаце іншым, што трапіць у ЕЗ не так проста, як абяцаюць?
– Так, вядома. Цяпер людзі ўжо пра гэта ведаюць. (…)