BE RU EN

Украіна адзначае Дзень годнасці і свабоды

  • 21.11.2021, 13:03

Свята ўстаноўленае ў гонар пачатку дзвюх рэвалюцый.

Сёння, 21 лістапада, ва Украіне адзначаецца Дзень годнасці і свабоды.

Пра гэта паведамляе Цензор.НЕТ.

Дзень годнасці і свабоды адзначаецца штогод 21 лістапада, згодна з указам прэзідэнта ад 13 лістапада 2014 года.

Ён устаноўлены ў гонар пачатку дзвюх рэвалюцый: Аранжавай рэвалюцыі (2004) і Рэвалюцыі Годнасці (2013).

Адзначым, што гэтае свята адзначалася як Дзень свабоды з 2005 да 2011 года. Пры экс-прэзідэнту Віктару Януковічу ягонае святкаванне фактычна скасавалі, аб'яднаўшы з Днём Саборнасці 22 студзеня. Аднак у 2014 годзе прэзідэнт Пётр Парашэнка аднавіў ягоны афіцыйны статус, з таго часу Украіна адначасова адзначае гадавіну Аранжавай рэвалюцыі і Еўрамайдана.

У Кіеве 21 лістапада з нагоды Дня годнасці і свабоды пройдуць мемарыяльныя мерапрыемствы, нацыянальна-патрыятычныя праекты, тэматычныя выставы, мастацкія акцыі.

Сярод іншага, 21 лістапада адбудуцца мемарыяльныя мерапрыемствы на алеі Герояў Нябеснай Сотні: набажэнства, ускладанне кветак і шэсце "Не будзем страчваць годнасць. Абаронім свабоду" па маршруце: скрыжаванне вул. Крэшчацік і алеі Герояў Нябеснай Сотні – часовы Мемарыял Герояў Нябеснай Сотні.

21 лістапада пройдзе прэзентацыя вулічнай выставы "Маляваная гісторыя Майдана" – графічнага рамана-выставы пра Рэвалюцыю Годнасці на Майдане Незалежнасці (вакол манумента Незалежнасці).

21 лістапада ў Кіеўскім акадэмічным тэатры "Кола" адбудзецца спектакль "Мы Майдан".

21 лістапада на Майдане Незалежнасці пройдзе імерсіўны праект "Адчуванне Майдана" (інсталяцыя з LED-экранаў, на якіх будуць транслявацца архіўныя кадры, знятыя падчас падзей Рэвалюцыі Годнасці).

З 16 да 31 лістапада ў Нацыянальным гісторыка-архітэктурным музеі "Кіеўская крэпасць" праходзіць фотавыстава "Майдан – крэпасць духу".

З 21 да 30 лістапада ў чытальнай зале Дзяржаўнага архіва г. Кіева пройдзе выстава архіўных дакументаў "Да Дня годнасці і свабоды".

У лістападзе ў бібліятэках Кіева будзе праходзіць цыкл тэматычных мерапрыемстваў: тэматычныя паліцы, агляды літаратуры, тэматычныя сустрэчы.

Таксама ў навучальных установах Кіева будуць праходзіць тэматычныя асветніцкія мерапрыемствы:

анлайн-урокі, гадзіны памяці да Дня годнасці і свабоды;

нацыянальна-патрыятычныя акцыі, хвіліны маўчання "Помнім подзвіг Герояў Нябеснай Сотні" (мерапрыемства ў анлайн-фармаце);

інфармацыйна-тэматычныя выставы (у анлайн-фармаце);

экскурсіі па месцах памяці (Майдан Незалежнасці, алея Герояў Нябеснай Сотні);

ускладанне кветак да мемарыяльных дошак загінулым удзельнікам Рэвалюцыі Годнасці, Героям Нябеснай Сотні, удзельнікам антытэрарыстычнай аперацыі, устаноўленых на фасадах навучальных установаў горада.

Апошнія навіны