Матэвуш Маравецкі: Мы спынім зло, якое пагражае Еўропе
- 21.11.2021, 13:17
Прэм'ер-міністр Польшчы звярнуўся «да ўсіх людзей вольнага свету» з заклікам да салідарнасці з ягонай краінай.
«Еўропа, наш агульны дом, знаходзіцца пад пагрозай; на польска-беларускай мяжы ідзе гібрыдная вайна, якую Аляксандр Лукашэнка пры падтрымцы Уладзіміра Пуціна аб'явіў усяму ЕЗ; я заклікаю да салідарнасці з Польшчай, Літвой і Латвіяй», – заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў апублікаваным у нядзелю спецыяльным відэа.
Ролік з удзелам кіраўніка польскага ўрада, запісаны на ангельскай мове, пачынаецца з надпісу: «Польшча. Мы абараняем Еўропу» і паказвае сцэны з польска-беларускай мяжы, у тым ліку з памежнага пераходу ў Кузніцы.
«Гэта не міграцыйны крызіс»
Матэвуш Маравецкі падкрэсліў, што падзеі на польска-беларускай мяжы могуць выглядаць як звычайны міграцыйны крызіс.
«Але яны не такія. Гэта палітычны крызіс, створаны з асаблівай мэтай. Мэта – дэстабілізаваць сітуацыю ў Еўропе ўпершыню пасля заканчэння халоднай вайны 30 гадоў таму», – адзначыў Матэвуш Маравецкі.
«За апошнія тыдні мы падалі шырокія доказы таго, што менавіта беларускі рэжым увозіць мігрантаў на мяжу для таго, каб пасля транспартаваць іх у Заходнюю Еўропу», – заявіў польскі прэм'ер.
Палітык падкрэсліў, што «сёння мэта – Польшча, але заўтра гэта будуць Нямеччына, Бельгія, Францыя ці Гішпанія».
«Такая канцэпцыя арганізацыі міграцыйных маршрутаў. Ціск Лукашэнкі і Пуціна ўжо адчуваецца Еўропай», – адзначыў кіраўнік польскага ўрада. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на рост коштаў энэрганосьбітаў, выкліканы рэзкімі абмежаваннямі паставак газу ў еўрапейскія дзяржавы.
Маравецкі: мы спынім зло, якое пагражае Еўропе
«Гэта толькі пачатак. Дыктатары не спыняцца. Я хачу вас запэўніць: Польшча не паддасца шантажу, і мы зробім усё, каб спыніць зло, якое пагражае Еўропе», – адзначыў Матэвуш Маравецкі.
Прэм'ер таксама звярнуўся «да ўсіх людзей вольнага свету» з заклікам да салідарнасці з Польшчай, Літвой і Латвіяй.
«Мы абараняем дом ад пагрозы»
«Дзякуй таксама ўсім, хто да гэтага часу падтрымліваў нашыя дзеянні на польска-беларускай мяжы. Дзякуй дзяржавам ЕЗ, Еўрапейскай камісіі, Вялікай Брытаніі і Злучаным Штатам», – сказаў палітык.
«Мы ўсе ведаем, што калі нехта спрабуе пракрасціся ў наш дом, мы абараняем яго. Гэты прынцып таксама адносіцца да дзяржаўных межаў, межаў ЕЗ і NATO – нашага агульнага дому. Давайце будзем разам, будзем абараняць Еўропу», – звярнуўся прэм'ер-міністр Польшчы.