BE RU EN

Кіраўнік Мінабароны Польшчы: Менск ужывае новую тактыку кіравання мігрантамі на мяжы

  • 21.11.2021, 9:04

Марыюш Блашчак расказаў, як цяпер адбываюцца атакі з беларускага боку.

Улады Польшчы мяркуюць, што беларускія сілавікі змянілі тактыку кіравання групамі бежанцаў на мяжы. З такой заявай выступіў міністр абароны краіны Марыюш Блашчак у эфіры радыёстанцыі RMF FM.

Цяпер невялікія групы людзей адначасова спрабуюць перасячы мяжу ў некалькіх розных месцах, падкрэсліў Блашчак. Паводле ягоных словаў, размова ідзе пра "новы метад" перасячэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі і няма ніякіх сумненняў у тым, што дзеянні мігрантаў кантралююцца беларускімі ўладамі.

Польскія памежнікі таксама паведамілі 20 лістапада пра спробы вялікай колькасці маленькіх групаў людзей прарвацца на тэрыторыю краіны.

195 спробаў перасячэння мяжы за дзень

Раней памежнікі паведамлялі пра шматлікія спробы прарыву праз мяжу вялікіх групаў мігрантаў. Самая буйная група налічвала да 200 чалавек.

Агулам у ноч на 20 лістапада памежнікі папярэдзілі 195 спробаў незаконнага перасячэння мяжы. Мігранты былі агрэсіўныя: кідалі камяні і феерверкі, выкарыстоўвалі слезацечны газ, паведамілі ў памежнай службе Польшчы.

Акрамя таго, паводле звестак польскай паліцыі, у памежным раёне таксама былі затрыманыя дзевяць меркаваных кантрабандыстаў, якія арганізуюць нелегальную перапраўку людзей у краіны ЕЗ. Сярод затрыманых – грамадзяне Польшчы, Украіны, Нямеччыны, Азербайджана і Грузіі. Агулам яны перавозілі 34 мігранты.

Апошнія навіны