«Прапаў 11 жніўня, знайшлі мёртвым нібыта каля «Рыгі»
- 1.09.2020, 18:34
53-гадовы работнік Менскага завода шасцерняў знік падчас жорсткага разгону пратэстаў.
Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі раніцай 11 жніўня, мужчына яшчэ спаў, а пасля абеду павінен быў выйсці на змену, піша tut.by. На працы Аляксандр так і не з'явіўся, не вярнуўся і ў інтэрнат, дзе жыў апошнія два гады. Ягоныя калегі напісалі заяву ў міліцыю аб знікненні чалавека, а ў панядзелак, 31 жніўня, даведаліся: Будніцкага няма ў жывых, нібыта ягонае цела знайшлі недалёка ад гандлёвага цэнтра «Рыга».
- Аляксандр жыў у нашым інтэрнаце і працаваў на Менскім заводзе шасцерняў, са сваякамі асабліва сувязь не падтрымліваў, жыў так - праца-дом-праца, - Сяргей тлумачыць, чаму менавіта калегі забілі трывогу, калі 11 жніўня Аляксандр Будніцкі не выйшаў у другую змену. - Я падняў шуміху на працы, што прапаў чалавек, чаму ніхто не шукае.
Аляксандру 53 гады, адзін час жыў у Расеі, разведзены, а два гады таму пасяліўся ў інтэрнаце на вуліцы Батанічнай. Тыя, хто жыў з ім у адным блоку, распавядаюць: мужчына па выхадных ездзіў у лес па грыбы і ягады, мог выбрацца на закупы на Камароўку, але часцей быў у сваім пакоі. Што да алкаголю, то, са слоў суседзяў Аляксандра, ён мог выпіць, але ў запой не сыходзіў.
- З Аляксандрам мы жылі ў адным пакоі, вечарам 10 жніўня я вярнуўся позна, ён ужо спаў, але спытаў: «Адкуль ты, Паўлавіч, прыйшоў?» І ўсё. Раніцай сышоў у першую змену, Аляксандр яшчэ спаў, вярнуўся пасля працы, а яго няма - адну ноч, другую. Раней ён не знікаў, а калі кудысьці ехаў, тэлефанаваў мне, каб я не перажываў, - распавядае сусед Генадзь.
Іншы сусед па блоку, Сяргей, успамінае апошнюю размову з Аляксандрам Будніцкім.
- 10 жніўня мы з іншым калегам увечары ездзілі да «Рыгі», гэта тры прыпынкі ад інтэрната. Сюды звычайна ходзім па ежу, а ў той дзень наважылі паглядзець, што там адбываецца. Бачыў на свае вочы, як стралялі і ўзрывалі. Калі вярнуліся ў інтэрнат, распавёў Аляксандру, што там рабілася. Больш яго не бачыў ні дома, ні на працы, - адзначае Сяргей. - Убачылі, што Аляксандра не шукаюць, разам з Генадзем 19 жніўня паехалі ў Першамайскі РУУС і пакінулі заяву аб згубе чалавека. У нас яшчэ спыталі, удзельнічаў ён у акцыі ці не. Не так даўно з міліцыі прыйшоў адказ, што заява прынятая і зарэгістраваная.
Як сцвярджаюць Сяргей і Генадзь, з 11 жніўня і да моманту гутаркі з журналістамі ніхто з супрацоўнікаў міліцыі з імі не звязваўся. Яшчэ першыя дні мужчыны спрабавалі тэлефанаваць Аляксандру, ішлі доўгія гудкі, але ніхто не адказваў, а потым абанент быў па-за зонай доступу.
- У панядзелак я патэлефанаваў брату Аляксандра, ён паведаміў, што Будніцкага знайшлі мёртвым каля «Рыгі», нібыта нешта з сэрцам. Нават не ведаю... Аляксандр працаваў у першым цэху, на цяжкім участку, рабіў бартавыя дэталі, гэта фізічна складаная праца. У яго ішлі дэталі па 16, 30 кілаграмаў, уяўляеце? І 200-300 штук такіх дэталяў трэба перакінуць за дзень з месца на месца. Ён жартаваў: «Я жылісты». Аляксандр - чалавек неканфліктны, любіў пажартаваць, увесь час расказваў анекдоты, ад палітыкі далёкі. Не выключаю, што 11 жніўня ён мог пайсці да «Рыгі», паглядзець, што там адбываецца. Тым больш асабіста мне казаў, што ў той дзень адпрасіўся з працы, - кажа Сяргей.
У мужчыны шмат пытанняў, якія пакуль застаюцца без адказаў: калі памёр Аляксандр; чаму ніхто ў людным месцы не ўбачыў цела мужчыны; калі ён памёр 11 жніўня і знаходзіўся ў моргу як неапазнаны, чаму пры звароце ў міліцыю аб гэтым ім не паведамілі.
Валянцін, брат Аляксандра, у міліцыю з заявай не звяртаўся, учора яму паведамілі, што цела сваяка знайшлі «ў парку на Сурганава, каля «Рыгі».
- Нічога там такога, заўтра я атрымаю [цела]. Ён сышоў 11 жніўня, у міліцыі сказалі: ёсць сведкі, што ён папрасіў запаліць і пры іх здарыўся прыступ, быў у стане моцнага алкагольнага ап'янення. 12 жніўня ён ужо паступіў на экспэртызу. Прайшла нейкая левая інфармацыя ад калегаў, што ён не мае сваякоў, - кажа Валянцін.
Журналісты звярнуліся па каментар у Следчы камітэт. Яны выслалі звесткі, датычныя Аляксандра Будніцкага, і папрасілі ўдакладніць, калі і дзе знайшлі цела мужчыны, чаму так доўга не было вядома пра ягоную смерць.
- У названыя даты факты смерці каля ГЦ «Рыга» не зарэгістраваныя, пакуль іншай інфармацыі не будзе, - заявіла Кацярына Гарлінская, афіцыйная прадстаўніца УСК Менску.
Журналісты таксама звярнуліся ў ГУУС Менгарвыканкама, там адказалі, што каментаваць будзе СК.