«Хварэюць і лекары, і пацыенты»
- 20.05.2020, 15:15
Што адбываецца ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у Гомельскай вобласці.
Ва Уваравіцкім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў успышка каранавіруса. Інфармацыю пацвярджаюць мясцовыя жыхары і персанал установы. Сітуацыю пра гэта ў інтэрнаце афіцыйна не каментуюць, паведамляе «Радыё Свабода».
Журналісты наведалі Уваравічы пад Буда-Кошалёвым. У самім райцэнтры Гомельскай вобласці хварэлі супрацоўнікі раённай лякарні. Двое з іх памерлі - 45-гадовая супрацоўніца хуткай дапамогі і 36-гадовы праграміст установы.
Журналісты сустрэліся з 75-гадовай пенсіянеркай у цэнтры Уваравічаў. Яе дачка працуе медсястрой у доме-інтэрнаце. Цяпер яна на самаізаляцыі дома, бо хварэе, са слоў маці, «не складана».
«Там захварэла шмат людзей. І «лежакі» (хворыя, якія ляжаць. - Рэд.), і медыкі. І куды дзенешся? Дзе ў нас праца іншая ва Уваравічах? Звольніцца дачка, а ёй 50 гадоў, і куды ёй ісці? Яна хоць і працавала, як касманаўт, ва ўсіх сродках абароны, але ўсё ж заразілася. Бо ў яе быў наўпроставы кантакт з ляжачымі - іх жа трэба мыць, карміць! Цяпер я нашу ёй ежу, пад дзверы стаўлю. Адбудзецца самаізаляцыя - зноў на працу вяртацца. А хіба гэта цяпер супакоіцца? - думае жыхарка пасёлка.
Яна кажа, што 75 гадоў пражылі мірна, а тут «зноў вайна на нас». «Колькі той нашай Беларусі? Хіба нельга было яе абняць, увесці карантын? Расея вунь якая вялікая - і тое карантын увялі», - дадае пенсіянерка.
Псіханеўралагічны інтэрнат знаходзіцца на ўскраіне гарадскога пасёлка. Супрацоўнікі інтэрната ў масках дзяжураць ля зачыненай брамы. Выйшаў дырэктар Вячаслаў Кавалёк. І сышоў. Каментаваць адмовіўся. «Усе пытанні аб хваробе - да аховы здароўя», - кажа ён на развітанне.
Адзін з супрацоўнікаў інтэрната на ўмовах ананімнасці кажа, што «хварэюць усе павальна!». Тыя, што лёгка, застаюцца ў інтэрнаце, у каго пнеўманія - вязуць у лякарню Буда-Кашалёва.
Нядаўна памёр 55-гадовы кіроўца хуткай дапамогі ў пасялковай лякарні ва Уваравічах. Ягоныя калегі сцвярджаюць, што не ад каранавіруса, а «ад сэрца». «Вярнуўся з выкліку на падстанцыю, падымаўся на другі паверх і памёр», - кажуць калегі.
Яны сцвярджаюць, што было некалькі выпадкаў COVID-19 сярод персаналу лякарні, але ўсе паправіліся, цяпер там «чыста».
Неафіцыйна супрацоўнікі пасялковай лякарні распавялі, што ў доме-інтэрнаце сапраўды было шмат выпадкаў каранавіруса, але цяпер сітуацыя ўзятая пад кантроль.
«Падзялілі палаты на «чыстыя» і «брудныя». Шмат хто пераносіць хваробу без сімптомаў. Ёсць пнеўманіі, але з імі адпраўляюць не да нас, а ў Буда-Кашалёва. Спачатку не было сродкаў аховы, таму і персанал хварэў. А цяпер усяго дастаткова», - запэўніваюць супрацоўнікі лякарні.
У публікацыі на сайце раённай газеты «Авангард» дырэктар дома-інтэрната не гаворыць пра выпадкі COVID-19, але адзначае, што «каранавірус унёс свае карэктывы ў графік працы».
Са слоў дырэктара, уся абслуга пераведзеная на пазменны метад працы.
«Працуем у дзве змены, па 26 чалавек у кожнай. Ужо два тыдні персанал працуе і жыве тут жа. У той жа час, у дзень, калі работнік заступае на змену і пакідае яе, яго ў абавязковым парадку абследуюць медработнікі. Усе супрацоўнікі працуюць у ахоўных касцюмах, масках, пальчатках. Дарэчы, установа цалкам забяспечаная сродкамі аховы», - растлумачыў Вячаслаў Кавалёк.
Дырэктар кажа, што тры разы на дзень пастаяльцам вымераюць тэмпературу. Пры скаргах на дрэннае самаадчуванне або прыкметы рэспіратарных захворванняў выклікаюць хуткую дапамогу.