BE RU EN

Як санаторый «Пад’ельнікі» стаў асяродкам каранавірусу

  • 15.04.2020, 17:57

Сярод заражаных - і супрацоўнікі, і адпачывальнікі.

Учора Telegram-канал «Баста» пісаў пра тое, што ў санаторыі «Пад’ельнікі» ў Уздзенскім раёне былі выяўленыя чатыры выпадкі каранавіруснай інфекцыі. Сярод заражаных - і супрацоўнікі, і адпачывальнікі. Санаторый закрыты на карантын.

Сёння рэдакцыя канала публікуе размову са сваячкай адной з адпачывальніц у санаторыі:

- Тур у «Пад’ельнікі» быў набыты ўжо даўно. На той момант, калі мама туды прыехала, у іх там было ўсё спакойна, ніхто не хварэў, нічога. Праз паўтара тыдня, гэта было 29 сакавіка, даведаліся, што ў адной з жанчын быў пацверджаны каранавірус. Яна датуль ужо з'ехала.

Толкам ніхто нічога не казаў. Праз некалькі дзён выявілася, што персанал са сталовай, масажыст, працаўніца з бара таксама захварэлі. Цяпер кажуць, што быццам бы ў іх спачатку паказаў станоўчы вынік тэст, а цяпер паказвае ўжо адмоўны. Новыя тэсты ім будуць рабіць толькі сёння.

Цяпер мама мая захварэла, у яе кашаль моцны, тэмпература трыццаць сем, натуральна прасіла адкрыць аптэку. Дырэктар санаторыя спачатку сказаў, што адкрыюць. У выніку, нічога не адкрылі, а сам дырэктар хаваецца недзе. Учора сваяк з'ездзіў, завёз ім лекі, прадукты.

Кажу маме: «Патрабуй, каб цябе паслухалі, тэмпературу памералі». Мама адказвае: «У каго патрабаваць? Тут нікога няма. Толькі работнікі кухні прыйшлі – сышлі». Усе іх кінулі, усім усё адно. Пытаюся: «Дык што рабіць, калі дрэнна чалавеку?» Мама кажа: «Ну што рабіць? Вось у жанчыны ў пакоі цукровы дыябет, ёй стала дрэнна, нікога няма, яна выклікала «хуткую», ёй сказалі, што туды не паедуць, бо ў іх там павінен быць лекар і медсястра». Вось і ўсё.

Ім можна хадзіць надвор, выходзіць можна, іх ніхто не закрываў, ім сказалі: «Хочаце - заставайцеся, хочаце - едзьце дадому, гэта ваша асабістае права». Але з'ехаць ты можаш толькі на сваім асабістым аўтамабілі, таксоўку не дазваляюць выклікаць, жанчына хацела з'ехаць, ёй не дазваляюць.

Мама сказала, што нікуды не паедзе, пакуль не пройдзе гэты перыяд, ёй там засталося паўтара тыдня, сказала, што будзе там. Ёй павінны былі зрабіць тры тэсты. Не ведаю, якім спосабам, калі першы тэст будуць браць толькі ў чацвер. Паскардзіцца няма каму. Кінулі людзей на волю лёсу. Як хочаце, што хочаце, тое і рабіце. Дрэнна чалавеку стане - што рабіць? Ні лекара. Ні медсястры. Нікога няма. Усе разбегліся як пацукі.

Натуральна, прыедзе яна дадому - будзе два тыдні яшчэ сядзець на ізаляцыі. Але Лукашэнка сказаў: «Калі чалавек нармальна сябе адчувае - якія два тыдні? Няхай на працу выходзіць, пісаць толькі столькі бальнічны, колькі лекар палічыць патрэбным.

Яна толькі з гэтай жанчынай, якая ў пакоі. Я ёй сказала, каб яна не хадзіла нікуды. Ляжыць у пакоі, тэлевізар глядзіць. Калі ёй будзе горш, выкліча «хуткую», паедзе ў Узду. Проста спадзяюся, што ўсё будзе добра.

Сцягвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.

Апошнія навіны