BE RU EN

У Барысаве забаставалі кіроўцы «Яндэкс.Таксі»

  • 11.04.2020, 15:29

Таксісты пратэставалі праз зніжэнне аплаты.

Кіроўцы «Яндэкс.Таксі» пратэставалі ў Барысаве супраць зніжэння аплаты. Таксісты сабраліся каля «Барысаў-Арэны» і ігнаравалі заказы. Яны распавялі «Белсату», што такім чынам імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу.

Кіроўцы ў Барысаве правялі акцыю, праз якую імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу і выказаць свой пратэст супраць зніжэння аплаты, якую нядаўна ўвяла кампанія «Яндэкс.Таксі».

«Уласнікі аўтапаркаў хочуць справядлівай аплаты працы. А сёння ў нас так склалася, што заробку бракуе нават на аплату лізінгу за аўто. З улікам таго, што ў Беларусі ўстанавілі новыя правілы што да таксовак, нас абавязалі ў машынах ўсталяваць таксометры і зрабіць абклейванне машын. Адпаведна вырастаюць выдаткі. У выніку наша праца сыходзіць у мінус. Мы трывалі гэта амаль 6 месяцаў. Зніжаюць бонусы. Камісію ў «Яндэкс.Таксі» павялічылі з пяці да васьмі адсоткаў». Кіроўцу, каб зарабіць 165 рублёў, неабходна адпрацаваць як мінімум 16 гадзін. А заказаў становіцца ўсё менш», - кажа Андрэй, ўласнік «ПКМ Аўто».

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Кіроўцы незадаволеныя сітуацыяй, але спадзяюцца, што, дзякуючы іх акцыі, іх меркаванне пачуюць у галаўным офісе.

«Мы будзем прадаўжаць пратэставаць, каб нас пачулі, бо ў адваротным выпадку пакінем «Яндэкс.Таксі». Будзем сыходзіць у іншыя службы, дзе ёсць прыстойны заробак, дзе паважаюць людзей», - дадае Андрэй.

Каля «Барысаў-Арэны» сабраліся некалькі дзясяткаў кіроўцаў, якія кажуць, што не маюць намеру далей мірыцца з існай сітуацыяй.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«Даводзіцца перапрацоўваць. Для таго, каб нешта зарабіць і прынесці ў сям'ю, трэба быць на працы блізу 12-16 гадзін. Кіроўцы пакутуюць, расце псіхалагічная стомленасць праз стрэсы. Вінаваты ў гэтым агрэгатар «Яндэкс.Таксі», які імкнецца захапіць рынак. Але ахвярамі становяцца кіроўцы, бо мы для іх інструмент, каб яны атрымалі даходы. Кампанія павінна забяспечыць нам заробак, абараняць нас, але сітуацыя зваротная», - распавёў «Белсату» Сяргей, кіроўца таксоўкі.

Апошнія навіны