BE RU EN

Санкцыі павінны закрануць міністра абароны Расеі

  • 6.03.2020, 18:55

Так мяркуюць нямецкія палітыкі.

"Занадта доўга Еўропа толькі назірала за жорсткімі дзеяннямі Расеі ў Сірыі, мяркуюць нямецкія палітыкі. Дапамагчы, на іх думку, могуць толькі санкцыі супраць Масквы", - піша нямецкае выданне Der Tagesspiegel (пераклад - inopressa.ru).

"У драматычным звароце дэпутаты бундэстага ад партый ХДС/ХСС, СвДП і "Зялёных" заклікалі ўрады заходніх дзяржаў з дапамогай пагрозы новых санкцыяў пакласці канец парушэнню міжнароднага права дзеяннямі Расеі ў дачыненні да грамадзянскага насельніцтва Сірыі".

Нямецкія палітыкі, сярод іх старшыня камітэта бундэстага ў замежнай палітыцы Норберт Рэтген (ХДС), падпісалі адкрыты ліст, "згодна з якім ўрады Еўразвязу і NATO павінны заклікаць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да правядзення саміту пра будучыню Сірыі і адначасова падрыхтаваць антырасейскія санкцыі ў якасці сродку ціску", паведамляе выданне.

"Дэпутаты з трох фракцый узрушаныя той акалічнасцю, што толькі націск новых бежанцаў на мяжу ЕЗ, а не пакуты грамадзянскага насельніцтва ў сірыйскай правінцыі Ідліб прымусілі грамадскасць і палітыкаў зноў звярнуць увагу на гэтую чалавечую драму. "Мяне прыводзіць у шаленства тое, што мы гаворым пра Ідліб толькі цяпер, калі да нас спрабуюць патрапіць уцекачы", - заявіла Францішка Брантнер з партыі "Зялёных". Са слоў дэпутатаў, мэтанакіраванымі бамбаваннямі ў правінцыі Ідліб зруйнаваныя 60% лякарняў і медыцынскіх пунктаў. "Нам патрэбныя афіцыйныя санкцыі супраць асоб, адказных за бамбаванні", - запатрабавала дэпутатка ад партыі "Зялёных".

"Парламентарыі перакананыя, што Расея нясе наўпроставую адказнасць за ваенныя злачынствы ў Сірыі і не толькі затуляе сірыйскі наступ, але і мэтанакіравана наносіць удары па грамадзянскіх установах, каб прымусіць людзей да ўцёкаў. Расейскія палітыкі мяркуюць, што "могуць прадаўжаць рэалізоўваць сваю стратэгію што да Сірыі, бо мы, еўрапейцы, нічога не робім і не здольныя да дзеянняў", заявіў Біджан Джыр-Сарай з партыі СвДП. Пры гэтым Расея, на ягоную думку, выкарыстоўвае вайну ў Сірыі, "каб дэстабілізаваць Еўропу". Прапанаваныя санкцыі павінны "стаць сродкам ціску, які прымусіць расейцаў спыніць бамбаванні", - гаворыцца ў артыкуле.

"Як мінімум, неабходна ўвесці новыя санкцыі супраць пэўных расейскіх палітыкаў, заявіў Амід Нурыпур з партыі "Зялёных" і назваў у гэтай сувязі расейскага міністра абароны Сяргея Кужугетавіча Шайгу, які, паводле ягоных слоў, "стаіць у канцы ланцужка загадаў" пра бамбаванні ў Ідлібе. "Цэнтральнае пытанне палягае ў тым, як мы можам паўплываць і прадухіліць беспакаранасць", - заявіў палітык з партыі "Зялёных".

"Што тычыцца пазіцыі міністра замежных спраў Нямеччыны Хайка Мааса (СДПГ) аб новых санкцыях, то Джыр-Сарай сказаў, што наўпрост задаваў яму гэтае пытанне. "Міністр замежных спраў абсалютна дакладна глядзіць на гэта інакш, - сказаў палітык з СвДП. - Ён супраць санкцый у дачыненні да Расеі". Таксама і іншыя палітыкі з СДПГ выказваліся ў апошнія дні супраць увядзення новых санкцый у дачыненні да адказных асоб у Маскве", - паведамляе Der Tagesspiegel.

Апошнія навіны