Украінцы выступілі супраць ідэі ўзнагароджвання Лукашэнкі ордэнам
- 13.02.2020, 15:37
Петыцыю падтрымалі толькі 11 чалавек.
Грамадзяне Украіны не падтрымалі петыцыю аб прысваенні Лукашэнку дзяржаўнай узнагароды за развіццё і ўмацаванне ўкраінска-беларускіх стасункаў, паведамляе «Радыё Свабода».
Петыцыя была зарэгістраваная на сайце прэзідэнта Украіны 9 кастрычніка 2019 года, адразу пасля правядзення ў Жытоміры другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага.
Але петыцыю падтрымалі толькі 11 грамадзян. Згодна з заканадаўствам прэзідэнт Украіны можа разгледзець петыцыю, калі цягам трох месяцаў яе падпішуць 25 тысяч грамадзян.
Вышэйшая ўзнагарода Украіны для замежнікаў - Ордэн Свабоды. Ён уручаецца за выдатныя і асаблівыя заслугі ў абароне суверэнітэту і незалежнасці Украіны, кансалідацыі ўкраінскага грамадства, развіцці дэмакратыі, сацыяльна-эканамічных і палітычных рэформаў, абароне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.