Частка рынка са Ждановічаў пераедзе ў Табары
- 12.02.2020, 19:12
Што там будзе працаваць?
Гандлёвы гарадок «Лябяжы», які доўгі час прапрацаваў у Ждановічах, зачыніцца 15 лютага. А з 17 чысла ён пачне працу на новым месцы ў вёсцы Табары. Што там будзе прадавацца і як цяпер дабірацца на грамадскім транспарце да аптовага рынку - у матэрыяле tut.by.
Гандлёвы гарадок «Лябяжы» пераязджае ў вёску Табары, што за восем кіламетраў ад МКАД.
У Табары будуць прадаваць прадукты, прамысловыя тавары: абутак, адзенне, касметыку і парфумерыю, бытавую хімію і іншае. Тут жа адкрыюцца ветэрынарная і карантынная службы, дзе выдадуць усе неабходныя дазвольныя дакументы на гандаль.
На рынку будзе больш за 1000 гандлёвых месцаў.
Каб пакупнікі маглі дабрацца ў Табары, адміністрацыя «Ждановічаў» запусціла бясплатныя маршруткі - Менск - Табары. Адпраўляцца яны будуць ад станцыі метро «Каменная Горка» і ад гандлёвага дома «Ждановічы» на вуліцы Ціміразева.
Таксама праз Табары пусцяць два рэйсавыя аўтобусы і прыгараднае маршрутнае таксі:
аўтобус №200 - адпраўленне па будных днях: 05.33, 07.45, 14.37, 17.50; у выходныя: 07.45, 11.10, 17.45;
аўтобус №268 - адпраўленне толькі па выходных: 11.10, 17.45;
маршрутнае таксі №680: штодня - 09.18, 10.08, 10.48, 13.28, 14.28, 17.48, 18.30, 19.38.
Для пакупнікоў на асабістым аўто таксама арганізуюць бясплатную паркоўку на 700 месцаў.
Рынак будзе працаваць да 20.00 у зімовы час і да 22.00 у летні.
Нагадаем, барахолка «Поле цудаў» і рэчавыя шэрагі на днях ужо пераехалі на новыя месцы. «Поле цудаў» пасунулі трохі наперад, а некаторыя павільёны з адзеннем размясцілі паміж будынкамі «Свет моды».
Пераезд часткі рынку ў Ждановічах звязаны з забудовай участка, дзе ён размяшчаўся.