Пуцін адхрышчваецца ад «сваіх»
- 22.12.2020, 17:25
Кіраўнік Крамля баіцца страціць уладу праз генералаў спецслужбаў?
Два дні запар, 20 і 21 снежня, кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін у сваім працоўным графіку прысвяціў асноўны час камунікацыі з сілавікамі. І для гэтага нават знайшлася фармальная нагода: у мінулую нядзелю кіраўнікі і супрацоўнікі ФСБ, СЗВ, ФСА і НАК адзначалі сваё прафесійнае свята - «дзень чэкіста», піша Telegram-канал «Сіта Сакрата».
Тым больш, што СЗВ, яна ж Іна, яна ж ПДУ, адкуль выйшаў у людзі асабіста Пуцін, адзначыла свой 100-гадовы юбілей.
Менавіта сілавікам дзейны рэжым абавязаны сваім існаваннем, і, відавочна, акурат праз міжведамасную канкурэнцыю за фінансаванне і рост палітычных амбіцый генералаў спецслужбаў Пуцін можа ўладу страціць. Бо, хто як не аналітыкі той жа СЗВ лепш за ўсіх бачаць рэальнае становішча спраў у Расеі, яе спаўзанне ў прорву палітычнага тупіка, разбалансаванасць палітычнай сістэмы, дэградацыю шырокіх слаёў насельніцтва і адрахленне самога «абнуленага», які ўжо не першай свежасці. Тым больш, гэта небяспечна, калі новая амерыканская адміністрацыя на чале з Джо Байдэнам робіць стаўку на барацьбу з аўтарытарызмам ва ўсім свеце.
Дырэктар СЗВ Сяргей Нарышкін найбольш праінфармаваны аб усіх дэталях драматызму існага моманту, і вядзе сваю гульню, каб у постпуцінскай Расеі заняць нейкае больш значнае месца. Пуцін адчувае гэта скурай, і можна разгледзець шэраг сімвалічных эпізодаў, якія падкрэсліваюць разлад у стасунках паміж ім і Нарышкіным.
Па-першае, даслоўна за некалькі секунд да выступу перад супрацоўнікамі СЗВ у Ясеневе поруч з манументам «Айчына, доблесць, гонар» Пуцін загадаў замяніць узгодненую з прэс-службай выведкі прамову, і перадаў з-пад крыса новы тэкст. Ён паказаў, што не можа давяраць Нарышкіну нават з пратакольнай прамовай.
Па-другое, на ўсіх фота- і відэаматэрыялах аб візіце ў штаб-кватэру СЗВ няма агульных сцэн з Нарышкіным, яны ўсюды асобна адзін ад аднаго. Гэта выклікае вялікія падазрэнні і пагалоскі.
Па-трэцяе, прамова Пуціна была прэснай, пратакольнай, без агеньчыка, і больш апелявала да пытанняў гісторыі савецкай выведкі, чым да сучасных задач і дасягненняў.
Нарэшце, перад самім «днём чэкіста» ў СМІ з'явілася расследаванне пра сувязі Нарышкіна з азербайджанскім бізнэсоўцам Гада Нісанавым. У ім гаворка ідзе пра тое, што ў рамках «дружбы» з ім Нарышкін часта плаваў у басейнах у яго гатэлі «Украіна» і офісе ў ГЦ «Еўрапейскі». Ягоная дачка Вераніка лётала на асабістым бізнэс-джэце Нісанава, а таксама кіруе маскоўскім фуд-кортам Нісанава «Дэпо».
Проста правал выведніка паводле ўсіх артыкулаў, і відавочна з хуткай заменай...
Асаблівая аплявуха Пуціна і плявок у твар Нарышкіна - гэта ягоны выступ на пашыраным пасяджэнні калегіі Міністэрства абароны, адразу пасля сабантуя ў СЗВ. Усе добра разумеюць, што ў Ясеневе і на Лубянцы на дух не пераносяць супрацоўнікаў ГРУ, якія ўсюды лезуць наперад, адціскаюць іх ад плыняў, круцяць рэальныя схемы, і добра на гэтым зарабляюць. Дайшло да таго, што Пуцін стаў разглядаць СЗВ і ФСБ, як нейкія прыдаткі да Мінабароны, прычым даволі малакарысныя.
Адным словам, ён адхрышчваецца ад сваіх.
Калі на сустрэчы да 100-годдзя СЗВ Пуцін казаў нейкія банальнасці, то на пасяджэнні з Шайгу і Герасімавым падняў ужо рэальныя тэмы. Гаворка ішла пра сітуацыю ў Закаўказзі, на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, актыўнасць NATO, дэградацыю сістэмы кантролю над узбраеннямі, нарастанне праблем у дачыненнях з ЗША. Ён казаў «мы дэталёва аналізуем існую геастратэгічную і вайскова-палітычную сітуацыю, прагназуем магчымыя варыянты яе развіцця». Ён паабяцаў новыя грашовыя ўліванні вайскоўцам на перыяд 2021-2025 гадоў, бо давядзецца ваяваць.
Пуцін спадзяецца, што ў адрозненне ад «роднай» СЗВ, чужыя вайскоўцы яшчэ не «ў тэме» пра блізкі канец ягонага рэжыму, і, маўляў, паваюем?..