Сілавікі ўварваліся ў кватэру да праграмнай дырэктаркі «Прэс-клуба» Алы Шарко
- 22.12.2020, 17:02
Заснавальніка арганізацыі затрымалі па прылёце ў менскі аэрапорт.
Дадому да праграмнай дырэктаркі «Прэс-клуба» Алы Шарко прыйшлі прадстаўнікі сілавых структур, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
«Сілавікі прыйшлі дадому да праграмнай дырэктаркі «Прэс-клуба» Алы Шарко, - гаворыцца ў паведамленні. - Яна паспела паведаміць у БАЖ, што сілавікі выбіваюць ёй дзверы».
У дырэктара «Прэс-клуба» Сяргея Альшэўскага праводзяць ператрус, яго заснавальніцу Юлію Слуцкую затрымалі па прылёце ў менскі аэрапорт. Сілавікі прыйшлі і ў офіс арганізацыі.
«Прэс-клуб» пазіцыянуе сябе як пляцоўку для прафесійнага развіцця медыясупольнасці.