BE RU EN

У Беларусі ўводзіцца забарона на выезд

  • 10.12.2020, 11:40

Наземную мяжу закрываюць для грамадзян краіны і іншаземцаў.

У Беларусі ўводзіцца часовая забарона на выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску. Захады робяцца нібыта «ў мэтах прадухілення распаўсюджвання ў краіне COVID-19». Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета міністраў №705 ад 7 снежня 2020 года, размешчанай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з пастановай Саўміна, пастанова ад 30 кастрычніка 2020 г. №624 «Аб мерах прадухілення распаўсюджвання інфекцыйнага захворвання» дапоўнена пунктам 3 наступнага зместу:

- Часова прыпыніць перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь на выезд з Рэспублікі Беларусь грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама замежнікамі, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Абмежаванні будуць дзейнічаць у аўтадарожных пунктах пропуску, пунктах спрошчанага пропуску, пунктах пропуску на чыгуначных вакзалах (станцыях) і рачных партах праз дзяржаўную мяжу Беларусі.

Дзеянне забароны не распаўсюджваецца на асоб з дыпламатычнымі і службовымі пашпартамі, афіцыйныя дэлегацыі, кіроўцаў міжнародных аўтамабільных перавозак, экіпажы паветраных і марскіх суднаў, праязныя брыгады, працоўныя выправы і некаторыя іншыя катэгорыі.

Таксама дазволена будзе выязджаць беларусам:

на паведамленне пра цяжкую хваробу ці пра смерць блізкага сваяка, мужа (жонкi);

для атрымання медычнай дапамогі, пры падачы дакументаў, якія пацвярджаюць мэту гэтай паездкі;

якія маюць від на жыхарства ці іншы сапраўдны дакумент, які пацвярджае права на пастаяннае пражыванне ў замежнай дзяржаве, - да месца пастаяннага пражывання;

якiя працуюць на тэрыторыi замежнай дзяржавы, - пры падачы пацвярджальнага дакумента (працоўнай дамовы (кантракта) з замежным працадаўцам, дазволу на працу, дазволу на права ўезду ў замежную дзяржаву ў названых мэтах);

для атрымання адукацыі ў замежных адукацыйных арганізацыях - пры падачы дакументаў, якія пацвярджаюць атрыманне імі адукацыі ў замежных навучальных установах, або дакументаў установы адукацыі Рэспублікі Беларусь аб накіраванні на навучанне.

Выезд на працу, вучобу, а таксама і тым, што маюць права на жыхарства ў іншай краіне будзе дазволены не часцей за адзін раз на працягу шасці месяцаў.

Што змяняецца яшчэ

Сярод іншых новаўвядзенняў - замежнікам, якія прыбываюць у Беларусь неабходна будзе мець пры сабе даведку, што пацвярджае адмоўны вынік лабараторнага даследавання на COVID-19. ПЦР-тэст павінен быць зроблены не пазней за тры дні да даты перасячэння мяжы. Адсутнасць такога медычнага дакумента з'яўляецца падставай для адмовы ва ўездзе ў нашу краіну.

Тут таксама вызначана катэгорыя грамадзян, на якіх не распаўсюджваецца гэтая норма.

Гэтыя палажэнні ўваходзяць у дзеянне праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Апошнія навіны